Ужо заўтра – незалежнасць. Каталунцы аб’весцілі страйк і выйшлі на пратэст


Каталунню ахапіў усеагульны страйк, які мусіць падмацаваць вынікі рэферэндуму аб незалежнасці іспанскай аўтаномнай правінцыі. Сёння не працуе большасць крамаў, дзяржаўных установаў, метро і чыгунка ўвялі працяглыя перапынкі.

Разам са страйкам працягваюцца і пратэсты

Перад барсэлонскім прадстаўніцтвам у кіроўнай іспанскай Народнай партыі сабраліся некалькі сотняў чалавек. А на ўніверсітэцкай плошчы сталіцы рэгіёну на дэманстрацыю прыйшлі некалькі тысяч удзельнікаў. Да забастоўкі далучыліся каталонскія футбольныя клубы і палітыкі.

Пазіцыя Бруселю на нядзельны рэферэндум аказалася на баку Мадрыду – Еўракамісія напярэдадні прызнала плебісцыт незаконным. Сёння падобным чынам пра падзеі ў Каталунні выказаўся і афіцыйны Менск.

«У дачыненні спрэчкі паміж урадам Іспаніі і ўрадам аўтаномнай правінцыі Каталонія МЗС зыходзіць з таго, што гэтая спрэчка зʼяўляецца выключна ўнутрыіспанскаю справай і павінна вырашацца мірным шляхам у межах заканадаўства Іспаніі», – зазначыў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Ужо заўтра ўрад рэгіёну мусіць абвесціць незалежнасць Каталунні ад Мадрыду, які зрабіў стаўку на сілавы метад ды спрабаваў перашкодзіць галасаванню пры дапамозе спецназу і паліцыі – у выніку нядзельных сутыкненняў пацярпелі больш за 800 асобаў.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Ivan Batyrev / TASS / Forum