Ужо месяц аўта з налепкай «Псіхо3%» і гербам «Пагоняй» не вяртаецца да ўладальніка


Без машыны як без ног. Яшчэ ў чэрвені намеснік дырэктара адной з транспартных кампаніяў Андрэй Ляўшыцкі заплаціў штраф за налепкі «Псіхо3%» і герб Пагоня на сваёй машыне. Але аўта пакінулі на штрафстаянцы, дзе машына застаецца ўжо месяц.

«У гэты момант правяраўся VIN нумар. Гэта заняло практычна месяц. Цяпер яны спраўджваюць дакументы, на падставе якіх машына ставілася на ўлік», – удакладняе ўладальнік аўта Андрэй Ляўшыцкі.

Будуць спраўджваць стары тэхпашпарт, параўноўваць яго з новым. Андрэю органы абяцаюць яшчэ каля месяца правярання.

«Мне цяжка сказаць, чым яны гэта матывуюць, але затрымліваць аўтамабіль у іх ніякіх падставаў не было. Нават калі яны хацелі правяраць, то няхай правяраюць, але аўтамабіль яны былі абавязаныя яму вярнуць», – лічыць праваабаронца Мікалай Мекека.

Уладальнік аўта пісаў скаргі ў пракуратуру і РАУС, але адусюль атрымаў аднолькавыя адказы: усё ў рамках закону.

«Гэта настолькі такая доўгая валакіта, што яна проста вымотвае, траціш на гэта купу часу, а вынік адзін, таму што каманды зверху няма, таму нічога не зменіцца. Таму на сённяшні момант я папросту сяджу, чакаю, як яно ёсць», – разважае ўладальнік аўта Андрэй Ляўшыцкі.

За налепкі на машыне тыдзень таму затрымалі ды аштрафавалі і журналіста Алеся Сіліча, калі ён вяртаўся з мітынгу Святланы Ціханоўскай у Маладзечне.

– Вы павінныя нам растлумачыць, на якой падставе. – Я ж вам растлумачваю, – для дачы нейкіх тлумачэнняў Алесь Сіліч мяркуе, што сапраўднай мэтай міліцыянтаў былі не налепкі.

«Увесь час гэта была такая цянучка часу. Гэта было бачна, што проста такое ўражанне было, што за мэту было нас затрымаць на як мага большы час, каб мы не змаглі адправіць адзнятае відэа ў рэдакцыю», – распавядае журналіст «Белсату» Алесь Сіліч.

Сапраўды, паводле правілаў дарожнага руху, прыляпляць на машыну можна толькі пералічаныя ў правілах апазнавальныя знакі, рэкламу або інфармацыю аб прыналежнасці аўта. Што думаюць пра такое абмежаванне мінакі?

«Чалавек на асабістым аўце выказвае нейкую прыхільнасць і сваю пазіцыю. Што ў гэтым дрэннага?»

«Усялякія вось гэтыя яркія прадметы на машыне могуць адцягваць увагу людзей ад руху суседніх машынаў».

«Калі вы маеце на ўвазе нейкія палітычныя налепкі – я лічу, што гэта няправільна. Ну ёсць нейкія правілы, законы».

«З аднаго боку, як у кіроўцы з дзесяцігадовым стажам у мяне гэта, можа быць, і адцягвала б увагу».

Што ж да справы Андрэя Ляўшыцкага, мы спрабавалі ўзяць каментар у ДАІ Першамайскага раёну і ў Галоўным упраўленні ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, але слухаўкі там не паднялі.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»