Аб'ектыў 27.11.2019 «Ужо і інтэграцыя не патрэбная». Крэмль можа павысіць цану на газ


Крэмль можа павысіць цану на газ для Беларусі – паведаміла Міністэрства энергетыкі. А значыць, і без таго дэфіцытны бюджэт на наступны год, магчыма, давядзецца перапісаць. Газавыя перамовы адбываюцца за 11 дзён да падпісання дакументаў аб паглыбленай інтэграцыі з Расеяй.

Больш за $ 127 за тысячу кубаметраў газу. Міністэрства энергетыкі Беларусі непакоіцца: Расея можа налета павысіць цану на газ для нашай краіны.

«І ўжо вялікая трагедыя, што нам і інтэграцыя не патрэбная, калі газ будзе такі дарагі», – заўважае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Урад Беларусі не хавае абурэння. Вось што заявіў намеснік міністра энергетыкі Вадзім Закрэўскі:

«Логіка адная: калі ідзе гаворка пра пабудову Саюзнае дзяржавы, то агульнае дабро для дзвюх краінаў, для двух народаў мусіць быць».

Дабро ж урад Беларусі бачыць у цане на газ як для Смаленскае вобласці. Расейскі адмысловец адказвае, што з такім падыходам сама Беларусь павінна стаць як Смаленская вобласць, з усімі наступствамі.

«Смаленская вобласць, яе прадпрыемствы, яе грамадзяне плацяць падаткі ў дзяржаўны бюджэт Расейскай Федэрацыі. Гэта нізкія заробкі, гэта высокія цэны, гэта датацыі з бюджэту – адпаведна назад прадпрыемствам, назад у эканоміку вобласці», – зазначае Аляксей Калачаў, фінансавы аналітык кампаніі «ФИНАМ».

Цудаў няма, а формула – вельмі простая. Больш рынку – больш суверэнітэту, і наадварот. Паводле Леаніда Злотнікава, пастаянныя перамовы Менску з Масквой аб танным газе…

«Гэта хутчэй закрыць гэтым фактам крыклівую неэфектыўнасць беларускай эканомікі».

Эксперт працягвае: нашыя суседзі з Еўразвязу будуюць паспяховую эканоміку і без інтэграцыі з Масквой. Польшча, напрыклад, увогуле перастане набываць газ у Расеі пасля 2022 года.

«Літва, Латвія, Эстонія – яны яскрава, канкрэтна ідуць па шляху ўласнага суверэнітэту, і не просяць таннага газу. Гэта плата за суверэнітэт. Яны купляюць газ па рынкавых коштах», – зазначае Аляксей Калачаў.

Вастрыні пытанню дадае тое, што бюджэт Беларусі быў сфармаваны з улікам сёлетняй цаны на газ. На наступны год запланаваныя прэзідэнцкія выбары, і галоўны фінансавы дакумент краіны сфармаваны з дэфіцытам амаль на 1 мільярд рублёў – упершыню за апошнія 6 гадоў. Павышаная цана на газ можа прывесці да раздзімання гэтага дэфіцыту.

«Апошнія некалькі гадоў, у тым ліку гэты, у нас бюджэт фармаваўся з прафіцытам, і фармаваліся запасы, якія можна будзе траціць у будучыні. Акрамя таго, урад можа займаць грошы, выпускаючы дзяржаблігацыі», – адзначае старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Апроч гэтага, у пытанні пакрыцця дэфіцыту кіраўніцтва Беларусі традыцыйна спадзяецца на Маскву.

«Калі не будуць вырашаныя прынцыповыя пытанні аб пастаўках вуглевадародаў, аб адкрыцці рынкаў для нашых тавараў, зняцці бар’ераў ды іншым, – ніякія дарожныя мапы не могуць быць падпісаныя», – заяўляў 17.11.2019 Аляксандр Лукашэнка.

Падпісанне дакументаў аб інтэграцыі з Расеяй запланаванае на 8 снежня. Між іншым чакаецца, што Беларусь і Расея распачнуць працы дзеля ўніфікацыі Падатковага і Мытнага кодэксаў.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары