Утопія на «Гарызонце»


Пакуль эканоміка Беларусі падае, кошт біткойну пабіў чарговы рэкорд! Сёння найвядомейшая крыптавалюта каштуе ўжо больш за 35 з паловай тысяч долараў. Лукашэнка таксама сочыць за ўзлётам электронных грошай.

Што праўда, «майніць крыпту» Лукашэнка хоча ад энергіі адразу дзвюх АЭС! Толькі пакуль да канца не зразумела, куды падзець энергію ад першай, а тут яшчэ і высока рызыкоўны актыў тыпу біткойн!

«Выношваць планы адносна таго, што на дзяржаўным узроўні майніць біткойн… Ну, з такім жа поспехам можна прапанаваць на дзяржаўныя грошы згуляць у Монтэ-Карла! А што, ёсць жа шанец выйграць!» – распавядае старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Таксама на заводзе «Гарызонт» Лукашэнку ўручылі лазерны тэлевізар!

На старонцы заводу «Гарызонт» напісана, што лазерны тэлевізар засвоілі першымі ў СНД! Мадэль LT400F вырабілі ў 2020 годзе. Толькі адразу знайшоўся вельмі падобны гаджэт у кітайскай краме «aliexpress». Кошт прыкладна 650 долараў, прадаецца некалькі гадоў.

Не толькі лазерным тэлевізарам стаў адметны гэты візіт. Лукашэнка назваў «Гарызонт» ды інавацыйны цэнтр электронікі пры заводзе новай альтэрнатываю Парку высокіх тэхналогіяў.

«Частка кампаній ПВТ ужо рэлацыявалася ў іншыя краіны, іншыя, магчыма, выношваюць такія планы. Новых замежных рэзідэнтаў у цяперашнім інвестклімаце не чакаецца, таму супольна гэтыя прычыны прывялі да таго, што ПВТ перастаў быць любімым праектам у Лукашэнкі», – зазначае старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Сведчаць пра гэта і змены ў працы Парку высокіх тэхналогіяў. Апошняя інавацыя – рост ад прыбытковага падатку для працаўнікоў ПВТ на 4 адсоткі. Раней яны плацілі 9 – цяпер 13. Не так моцна б’е па кішэнях айцішнікаў, важнейшыя страты рэпутацыйныя.

«Больш крыўдна за тое, што дзяржава гарантавала заўжды, што ўмовы IT-бізнесу ў ПВТ будуць нязменныя, і гэтыя гарантыі выконваліся з моманту заснавання парку. І гэтая рэпутацыя дапамагала адкрывацца новым кампаніям». – распавядае ІТ-менеджэр Сяргей Лаўрыненка.

Цяпер жа пра нязменнасць правілаў гульні казаць не прыходзіцца. А гэта для замежных інвестараў непрымальныя рызыкі. Пра тое, што Беларусь у цяперашніх палітычных умовах чакае імаверны сыход айцішнікаў, казаў і Аркадзь Добкін, заснавальнік самай вядомай і багатай IT-кампаніі краіны EPAM.

«Я галавой не разумею, як можа адбывацца тое, што адбываецца. А да чаго гэта прывядзе, то гэта можа быць сапраўды самы вялікі сыход за апошнія 30 гадоў. Гэта верагодная штука, і будзе крыўдна, што некалькі генерацыяў людзей, хутчэй за ўсё, знікнуць з Беларусі!» – распавядае на youtube-канале заснавальнік EPAM Аркадзь Добкін.

Пакуль жа айцішнікі хутчэй у чаканні, але наўрад ці сярод іх засталося шмат адмыслоўцаў, хто не задумаўся б пра пераезд.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў