«Усё роўна будзем вазіць». Гандляры прагназуюць рост кантрабанды ў новым годзе


Больш танныя ды больш лёгкія тавары давядзецца ўвозіць беларусам з-за мяжы ўжо налета. Усё – праз новыя правілы Еўразійскага эканамічнага саюзу, у які ўваходзіць нашая краіна. Змены меліся адбывацца паэтапна, за два гады, аднак днямі савет Саюзу змяніў сваё папярэдняе рашэнне, таму норму знізяць менш як праз два месяцы.

Аўтаў з беларускімі нумарамі на паркоўках замежных супермаркетаў можа стаць менш ужо праз паўтара месяца. 1 студзеня аматараў пакупак за мяжою чакае зусім не навагодні падарунак. На рашэнне савету Еўразійскай эканамічнай камісіі, прывозіць з-за мяжы тавараў можна будзе на агульную суму не больш за 500 еўраў. Значэнне жа мытных вагаў не павінна перакрочыць адзнаку 25 кілаграмаў на чалавека.

Беларускія пакупнікі, якіх мы апыталі ў Вільні, кажуць, што ім «перакрываюць кісларод».

«Мы не можам купляць нашае айчыннае, яно не такое якаснае», – кажа адзін з рэспандэнтаў.

«Хацелася б, каб засталіся такія нормы, як былі. Людзі розныя – хтосьці штосьці вялікае купіць, а ўезд абмежаваны», – дадае іншы.

«Неяк будзем абыходзіцца сваім таварам», – кажа трэці.

На думку яшчэ аднаго з беларусаў, з якім мы паразмаўлялі ў літоўскай сталіцы, Беларусь такім чынам спрабуе абараніць сваю эканоміку.

Але гэтыя абмежаванні, па словах эканаміста Леаніда Заікі, з’яўляюцца абаронай перадусім расейскай эканомікі.

«Ідзе ўзмацненне санкцыяў з боку Захаду, таму як захада ў адказ – увядзенне эмбарга і затым скарачэнне распаўсюду заходніх тавараў па тэрыторыі Расеі і Мытнага саюзу», – упэўнены Леанід Заіка.

З пункту гледжання раўнавагі – крок лагічны, зазначае эксперт, аднак, з іншага боку – уціскаюцца інтарэсы грамадзянаў. І сапраўды, паводле статыстыкі, большасць беларусаў наведвае суседнія краіны далёка не з турыстычнымі мэтамі. Летась толькі ў польскіх крамах беларусы пакінулі 756 млн еўраў. Яшчэ адзін папулярны кірунак для закупаў – Літва. Амаль мільён беларусаў наведалі гэтую краіну ў мінулым годзе. За візіт турыст у сярэднім выдаткоўваў там каля 350 еўраў.

А вось з Расеі – праз адсутнасць мяжы – можна хоць штодзённа ўвозіць да 50 кілаграмаў тавараў. Новыя нормы ЕАЭС закрануць, аднак, беларусаў, якія ездзяць ва Украіну, што не ўваходзіць у Саюз.

З Украіны шмат хто з гомельцаў прывозіў харчы і тавары для працы – да прыкладу, будаўнічыя матэрыялы. Зараз прыйдзецца сысці ў падполле.

«На хабар, вядома, ніхто не пойдзе. А пачнецца тая ж самая кантрабанда, як у 90-я гады. Усю мяжу не перакрыюць, ёсць пралазы, людзі будуць шукаць уваходы-выхады, праз вёскі – пакідаць свае рэчы на хаты ці цягаць на гарбе, як у старыя добрыя часы», – кажа гомелец, які ездзіць за пакупкамі ў Чарнігаў.

«Чаўнакі» па той бок мяжы таксама перакананыя, што кантрабанда толькі ўзмоцніцца.

«Зараз трэба будзе дамаўляцца, штосьці камусьці даваць, усё роўна будзем вазіць», – кажа гандляр з Украіны.

Згубяць на зменах і ўкраінскія гандляры – беларусаў на тамтэйшых рынках стане менш.

«Гэта вельмі кепска. Мы – братэрскія народы, трэба сябраваць і гандляваць. Вы будзеце выжываць – і мы будзем выжываць. Нам будзе добра – і вам будзе добра», – кажа гандлярка на кірмашы ў Чарнігаве

Эканамісты кажуць, што новаўвядзенне можа не толькі забіць прымежны гандаль, але нават паспрыяць эміграцыі.

«Людзі пераканаліся, што прасцей з’ехаць жыць туды, чымся тут пакутаваць: ездзіць, прадаваць, купляць», – падсумоўвае Леанід Заіка.

Рашэнне савету Еўразійскай эканамічнай камісіі не датычыць паветранага транспарту. Але калі ёсць грошы на самалётны квіток, то і ў Беларусі мо закупацца можна?

Сцяпан Святлоў