Усё новыя суды над журналістамі


Дзень ведаў вызначыўся затрыманнем шасці журналістаў: двое з TUT.BY, адзін з БелаПАНу, трое з «Комсомольской правды». Усю ноч іх пратрымалі ў РУУС Кастрычніцкага раёну. Пад сцены будынку на знак салідарнасці прыехалі калегі.

«Прыходзяць звычайныя людзі, яны прыносяць журналістам каву. Бачна, што ўсе сочаць за гэтымі падзеямі», – падзялілася Марына Вайтовіч, журналістка «Еўрарадыё».

Новы дзень – новыя суды і працяг салідарнасці. Пяцёра журналістаў начавалі каля Кастрычніцкага РУУС. Абвінавачвнне ва ўсіх тое ж – артыкул 23.34, удзел у масавым мерапрыемстве.

«Тыя, хто затрымлівае журналістаў падчас працы, фактычна ажыццяўляюць злачынства, якое трэба караць у адпаведнасці з артыкулам 198 Крымінальнага кодэксу», – распавядае Алег Агееў, намеснік старшыні БАЖ.

Усе 6 справаў вярнулі ў РУУС для дапрацоўкі. Журналістаў так і не вызвалілі.

«У нашай практыцы гэта, здаецца, упершыню такі выпадак, калі ў дачыненні журналістаў прымяняецца 23.34. Я ведаю дакладна, што яны выконвалі свой прафесійны абавязак у гэты дзень. А іх абвінавачваюць у тым, што яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаванай акцыі. Ну гэта, канечне, абы-што», – запэўнівае галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава.

Мінакі падзяліліся тым, як ставяцца да затрыманняў незалежных журналістаў.

«У нас вольнае грамадства, дзе людзі павінны ведаць усю праўду. І толькі прэса можа данесці гэта да народу. Таму, калі затрымліваюць супрацоўнікаў СМІ, мне падаецца, гэта таксама адмоўна адбіваецца і на рэпутацыі дзяржавы».

«Гледзячы якія журналісты і за што іх затрымліваюць».

«Я лічу, калі заслужылі, то трэба затрымліваць».

«Гэта сорам. Затрымліваць журналістаў ні ў якім разе нельга».

Агулам за жнівень нашых калегаў затрымлівалі больш за 150 разоў. Каля двух дзясяткаў журналістаў пры гэтым былі збітыя, шмат у каго сканфіскавалі працоўную тэхніку.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»