Усё больш бацькоў шукаюць адукацыю на беларускай мове. Але дзяржава не дае


Беларускамоўнай адукацыі – быць або ня быць? Паводле старшыні ТБМ Алега Трусава, зараз у Беларусі склалася парадаксальная сітуацыя:колькасць беларускіх класаў па краіне зніжаецца, а колькасць асобаў, якія хочуць навучацца па-беларуску – расце. Так, сёлета беларускую мову на цэнтралізаваным тэставанні здавалі на 6 тысяч абітурыентаў болей, чым летась.

«Большасць людзей, якія хочуць вучыцца па-беларуску, сутыкаюцца з барʼерам дзяржавы і толькі адзінкі гэты барʼер пераадольваюць. бо калі хочаш вучыцца па-беларуску, то трэба пісаць, хадзіць, а па-руску ніякіх заяваў не трэба», – наракае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім мяркуе, што бацькі не павінныя адказваць за ўсё, то бок шукаць іншых бацькоў, каб адкрыць беларускамоўны клас. Бо, паводле канстытуцыі, бацькі маюць права даць сваім дзецям навучанне на роднай мове.

«Ім дастаткова падаць заяву ў адпаведную школу, што з гэтым рабіць павінен думаць дырэктар школы, павінен думаць дырэктар раённага ўпраўлення адукацыі. Яны, прабачце, за гэта атрымліваюць грошы. Калі ім гэта нявыгадна, хай думаюць, як гэта зрабіць эканамічна выгадна», – даводзіць Анісім.

Пакуль такая сістэма не вытрымлівае праверку рэальнасцю

Шматдзетная маці Алена Прыстаўка аддала старэйшых дзяцей у гімназію № 23, але пасля сям’я вырашыла пераехаць, і ўжо на новым месцы знайсці магчымасць навучаць дзяцей па-беларуску.

Але паразумення з дырэктаркай новай школы Алена не знайшла, таму давялося перавесці сына і дачку на хатняе навучанне. Аднак на гэтым праблемы не скончыліся: некаторыя навучальныя матэрыялы былі толькі па-расейску.

Нават калі бацькі назбіраюць для свайго дзіцёнка беларускамоўны клас, праблемаў меней не становіцца: не ўсе раённыя школы ствараюць беларускамоўныя класы, таму штодня даводзіцца вазіць дзяцей у іншыя раёны гораду. Бракуе беларускамоўным дзецям і адпаведнага асяроддзя: часта настаўнікі па-за ўрокам размаўляюць па-расейску, а на саміх занятках не заўсёды могуць перакласці навуковыя тэрміны на беларускую мову, бо самі вучыліся па-расейску.

Чыноўнікі хваляванні бацькоў выслухалі

Супрацоўнікі Міністэрства адукацыі паабяцалі, што звярнуць на іх увагу. Сёлета міністэрства адукацыі апублікавала праект новай рэдакцыі Кодэксу аб адукацыі абʼёмам амаль у паўсотні старонак – і ў ім ні слова пра беларускамоўныя класы.

Змены пакуль падпрацоўваюць ды абмяркоўваюць, а ў палату прадстаўнікоў перададуць напрыканцы ліпеня – таму час унесці свае прапановы яшчэ ёсць. Але ці ёсць у чыноўнікаў жаданне пайсці насустрач?

Настасся Храловіч, «Белсат» Фота: belarus1984by.livejournal.com