Усіх няпоўнагадовых, асуджаных паводле наркатычнага артыкулу, вызваляць


Сёлета пройдзе амністыя для ўсіх няпоўнагадовых, асуджаных паводле наркатычнага артыкулу. Яна закране 83 асобы, паведаміла Міністэрства ўнутраных справаў.

Аднак статыстыка паказвае, што месцы ў турмах не будуць пуставаць доўга. За 9 месяцаў бягучага года вырасла колькасць няпоўнагадовых, якія ідуць у наркабізнес, як кажуць у МУС, свядома. Метады новыя, праблемы ў змаганні з наркотыкамі – старыя.

Сацыяльны ролік параўноўвае закладчыка наркотыкаў з мышкаю, якая трапіла ў пастку. Усе няпоўнагадовыя, якія адбываюць пакаранне за злачынствы, звязаныя з незаконным зваротам наркотыкаў, трапяць пад сёлетнюю амністыю, заявілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў і падкрэслілі: падлеткі не з’яўляюцца мэтаю следства…

Генадзь Казакевіч, Галоўнае ўпраўленне наркакантролю МУС:

«Нашыя асноўныя высілкі засяроджаныя не на тым, каб выяўляць наркаспажыўцоў, бо гэта хворыя людзі, іх трэба лекаваць і аказваць дапамогу і падтрыманне. Нашая асноўная задача – выяўленне арганізаванай структуры наркабізнесу, збытчыкаў як такіх».

У часе профільнай канферэнцыі «Па супрацьдзеянні наркапагрозе адказныя міністэрствы казалі аб новых падыходах у змаганні з наркагандлем. Паводле МУС, колькасць такіх злачынстваў знізілася ў паўтары разы за апошнія 5 год. Пры гэтым колькасць перахопленых наркотыкаў вырасла.

У першыя 9 месяцаў органы ўнутраных справаў канфіскавалі больш за 300 кг наркатычных і 30 кг псіхатропных рэчываў. Мытныя і памежныя органы затрымалі 400 кг наркатычных сродкаў і 170 кг псіхатропаў, а ў пунктах пропуску на знешняй мяжы з Польшчаю і Літвою – амаль 2 тоны наркотыкаў.

Удзельніца аб’яднання «Рух маці 328» мяркуе, што праваахоўнікі часцей звяртаюць увагу на гэтак званых нарка-мінэраў, чым на буйных дылераў. Таццяна Канеўская, «Рух маці 328»:

«На непамерныя вялізныя тэрміны садзяцца, пераважна моладзь. Статыстыка адрозніваецца, тая што ёсць у нас з тою, што ёсць на старонцы МУС. Чаму – не зразумела, бо мы вядзём сваю статыстыку, даведваючыся пра колькасць асуджаных у калоніях нашых блізкіх па ўсёй Беларусі».

Розніца ў падліках будуе недавер да ўнутраных органаў. Праглядаючы аператыўную здымку на старонцы МУС, бачым толькі новыя затрыманні «наркакурʼераў». «Узялі» сёлета і некалькі дзясяткаў лідараў арганізаваных груповак – адказваюць сілавікі. Генадзь Казакевіч, Галоўнае ўпраўленне наркакантролю МУС:

«Выяўленне і спыненне гэтых злачынстваў уяўляе сабою асаблівую складанасць як у чыста тэхнічным плане (прымяняюцца рознага кшталту інтэрнэт-мэсанджары з крыптаграфіяй шыфравання), актыўна выкарыстоўваецца Даркнэт, дзе нашыя тэхнічныя магчымасці абмежаваныя».

Толькі за першае сёлетняе паўгоддзе ў Міністэрства інфармацыі накіравалі просьбы абмежаваць доступ да 266 сайтаў распаўсюднікаў наркотыкаў. Блакуюць іх паступова, а новыя зʼяўляюцца імгненна з прапановамі набыць ці зарабіць у якасці курʼера. Міліцыя заяўляе, што 90 адсоткаў маладзёнаў свядома ідуць на крымінальныя заробкі, хоць праграму інфармавання моладзі пра наступствы дзяржава ізноў пашырыла. У сеціве і праз ТБ рэкламуюць новы праект «Вам помогут». Дадаткова створаны Нацыянальны навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя, куды запрашаюць нарказалежных, пасля прапанаванага дзяржаваю 28-дзённага курсу лекавання.

Андрэй Бандарэнка, кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа»:

«На мой погляд, прафілактыкі наркотыкаў у Беларусі наагул не існуе эфектыўнай, тыпу барацьбы з паленнем. І ў нас атрымліваецца такі момант своеасаблівага пераймання, калі любымі шляхамі стараюцца наказаць любога чалавека, які так ці інакш быў звязаны з наркотыкамі».

Сёлета толькі нязначна змянілі заканадаўства адносна некалькіх частак наркатычнага артыкулу: на два гады перасунулі ніжні парог пакарання.

Юлія Цяльпук belsat.eu