Выбарчы «адабрамс» ці проста ўсім даўно напляваць?


На выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў ня здарылася ніякіх форс-мажораў для дзейнага рэжыму. Апазіцыйныя кандыдаты засталіся за бортам, а за стырном – надзейныя кадры ўлады. Ці ўсё гэтак гладка, як кажуць афіцыйныя асобы і статыстыка?

Менскі гарадскі і абласныя саветы дэпутатаў – без прадстаўнікоў апазіцыі. Затое стабільна высокія паказнікі ў датэрміновым галасаванні ды яўцы на мясцовыя выбары. Працы дзяржаўнай сістэмы фальсіфікацыяў пазайздросціў бы любы швейцарскі гадзіннік.

Паводле афіцыйных звестак выбары выглядаць проста ўзорна. Агульная яўка – 77 %. Датэрмінова ж свае галасы аддалі каля 35 % выбарнікаў. Праўда, яўка ў сталіцы сапсавала добрыя лічбы – у той ці іншы спосаб свой голас аддаў 61 % менчукоў. Гэта ажно на 13 % менш, чым у Віцебскай вобласці.

«Тое, што завышалася яўка – гэта патрэба забяспечыць такі ўсеагульны грамадскі «адабрамс» палітычным выбарчым ініцыятывам кіруючага рэжыму. Толькі я не ведаю, хто адрасат гэтай маніпуляцыі, гэтага шоу. Таму што людзі збольшага разумеюць, што адбываецца падчас выбараў. І асабліва тыя, каго гвалтоўна заганяюць на выбарчыя ўчасткі. Яны ж разумеюць, што няма ніякай падтрымкі, а іх проста пад прымусам адпраўляюць галасаваць», – кажа старшыня руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

У той жа час старшыня Цэнтрвыбаркаму адзначае, што ніякага прымусу ў датэрміновым галасаванні і быць не магло. А гэтак званыя рэкамендацыі прыйсці на выбарчы ўчастак – гэта стымуляцыя ў межах закону.

«Дзяржаўная ўлада, навучальная ўлада, адміністрацыйная ўлада выкарыстоўваюць усе рычагі дзеля таго, каб стымуляваць выбарцаў прыйсці і прыняць удзел у галасаванні», – заявіла Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК.

З такімі перадавымі метадамі доля выбарнікаў, якія прагаласавалі датэрмінова, не дацягнула ўсяго аднаго адсотку да рэкорднага паказніку: 36 % на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Здараюцца выпадкі, калі апазіцыйны кандыдат разгромна перамагае ў асноўны дзень галасавання, але на датэрміновым – амаль не атрымлівае галасоў. Але ня толькі зручнасць датэрміновага галасавання для ўлады тлумачыць такую актыўнасць дзяржаўнага апарату.

«Для ўлады ўсе гэтыя выбары аднолькава важныя, як рэпетыцыя галоўных выбарчых кампаніяў – прэзідэнцкіх ці, калі так складзецца палітычная сітуацыя, нейкага рэферэндуму. Таму гэтая рэпетыцыя, гэтая трэніроўка адбываецца па самых высокіх замерах і патрабаваннях да наменклатуры. Наменклатура абласная, раённая навыперадкі імкнецца паказаць сваю адданасць, падвышаючы лічбы і маючы пэўнае сацыялістычнае спаборніцтва, у каго будуць лепшыя лічбы», – адзначае палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

За ўрачыстымі рапартамі ўладаў пра бездакорна праведзеныя выбары хаваецца і традыцыйны вынік: адсутнасць апазіцыйных палітыкаў як у Менскім гарадскім, гэтак і ў абласных саветах дэпутатаў. Са словаў экспертаў, такая сітуацыя тлумачацца нежаданнем уладаў даваць лішнюю платформу для актыўнасці палітычным апанентам.

«Адсутнасць альтэрнатывы, зацісканне гаек – яно прывядзе да пэўнай выбухова-небяспечнай сітуацыі. Людзі могуць трываць доўга, але рана ці позна дзе-небудзь прарве. Ад такога напружання пацярпіць ня толькі той, хто пры ўладзе. Гэта створыць пэўную небяспеку і канфлікты ўнутры беларускага грамадства», – мяркуе Юрый Губарэвіч.

Пасля таго, як двух дэпутатаў ад апазіцыі пусцілі ў Палату прадстаўнікоў, шмат хто з экспертаў чакаў гэткіх жэстаў рэжыму і на выбарах у мясцовыя саветы. Маўляў, трэба дэманстраваць Захаду сваю прыхільнасць курсу на лібералізацыю.

«Захад ужо вымушаны больш звяртаць увагу не геапалітычныя рэчы: на тое, каб Менск цалкам не аддаваўся ў рукі Масквы. А на ўнутрыпалітычныя – ужо, скажам, глядзець скрозь пальцы і прыглушана. То бок Захад фактычна апошнія гады актыўна не патрабуе дэмакратызацыі Беларусі ў той ці іншай форме. І гэта стала зразумела пасля доўгай гісторыі з выбарчым заканадаўствам. Калі нават Ярмошына заяўляла, што будзе змененае выбарчае заканадаўства, і ўсё нібыта да гэтага ішло, але апошнія месяцы стала зразумела што гэтага не будзе», – кажа Віталь Цыганкоў.

Улады Беларусі наладзілі вельмі добрую схему, каб забяспечваць патрэбны вынік на выбарах усіх узроўняў, аднак літаральна кожнаму відавочны прынцып яе працы. Пытанне толькі ў тым, наколькі доўга будзе захоўвацца давер беларусаў да гэтакіх двуххадовых схемаў.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»