Усеагульную службу ў войску адменяць?


Скончыўся першы прызыў пасля прыняцця гэтак званага закону Раўкова, які адмяніў адтэрміноўкі ад службы ў войску дзеля навучання. Што змянілася ў параўнанні з ранейшымі прызывамі?

Войска – гэта чорная скрыня для беларускай моладзі. Шмат хто непакоіцца з нагоды дзедаўшчыны, а таксама незадаволены ўмовамі вайсковага побыту і недастатковасцю баявой падрыхтоўкі. Такія звесткі агучылі на круглым стале, арганізаваным ініцыятываю «Еўрапейскі дыялог» па гэтак званым законе Раўкова.

«Людзі не хочуць аддаваць паўтара года ці год свайго жыцця на рэч, якая з’яўляецца для іх чорнай скрыняй, хоць у іх былі, можа быць, іншыя планы. Бо гэта закранае не толькі людзей, якія праз 10 гадоў пойдуць у войска, але якім ужо зараз 16 год: яны паступалі ў каледжы, напрыклад, і хацелі пасля пайсці ва ўніверсітэты», – кажа Валер Тамілін з «Моладзевага блоку».

Адпаведна скасаванне адтэрміновак можа падвысіць і без таго буйную плынь беларускіх маладзёнаў, якія выязджаюць для вучобы і працы за мяжу, мяркуюць адмыслоўцы, удзельнікі круглага стала.

«Закон успрымаецца адназначна негатыўна. Відавочна, што ўсе не зʼедуць. Але тое, што ён можа паўплываць на тых людзей, якія вагаюцца, – гэта вядомы факт», – дадае Валер Тамілін.

Імідж беларускага войска цяпер далёкі ад ідэалу. Усё часцей гучаць паведамленні аб дзедаўшчыне. Паводле інфармацыі «Прававой ініцыятывы», з ёй сутыкаліся больш за палову жаўнераў тэрміновай службы. І ў 2 выпадках з 3 агрэсарамі выступалі сяржанты-тэрміноўцы.

Кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў кажа:

«Гэта праблема сапраўды маштабная, і яе трэба развязваць толькі карэнным шляхам, а адзіны карэнны шлях – гэта прафесіяналізацыя сяржанцкага корпусу і ператварэнне яго паводле прыкладу тых краінаў NATO, дзе ёсць асобны ўнтэр-афіцэрскі склад у войску, прафесійны».

На магілёўскіх жа вуліцах меркаванні пра тое, якім чынам варта аддаваць доўг Айчыне, падзяліліся:

«Абавязкова трэба ісці і абараняць сваю Айчыну, дзе б ты там ні вучыўся».

«Ужо чалавек мусіць засвойваць прафесію, а калі ён пойдзе ў войска – то як? Бо трэба практыкавацца ж».

«У арміі фармуецца характар і дысцыпліна, і ўсё астатняе. І чалавек, які прайшоў войска, – ну, мужчына».

«Хай ідуць і працуюць паводле набытай прафесіі, каб не гублялі яны навыкаў».

Гэтак мяркуе і міністр сельскай гаспадаркі Анатоль Хацько. Маўляў, шкада часу маладых аграрыяў. Лукашэнка падтрымаў чыноўніка і загадаў распрацаваць варыянты змякчэння прызыўных правілаў для «працаўнікоў сяла». Уступна гаворка вялася пра 2-месячнае вайсковае рыхтаванне.

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік аналітычнага праекту «Belarus Security Blog» кажа:

«Зыходзячы з таго, што дастаткова было міністру сельскай гаспадарскі ўстаць і абазначыць праблему, і прынамсі на палітычным узроўні было дадзена распараджэнне яе вырашаць, – гэта сведчыць аб тым, хто ў нашых уладных раскладах цяжкавагавік, а хто – так сабе. Ну вось Міністэрства абароны, на жаль, так сабе».

То бок – якое міністэрства лепш папросіць пра маладых спецыялістаў сваіх структураў, тым і спросцяць жыццё.

Вось і атрымліваецца: закон прынялі, прызыў пашырылі і толькі цяпер задумаліся пра беспасярэднія наступствы ды як з імі справіцца. А тут яшчэ і інтарэсы розных дзяржаўных ведамстваў супадаюць далёка не заўжды. І, як звычайна, адбіваецца гэтае ўсё менавіта на простых грамадзянах.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum