Уратавалася ад фашыстаў, але не ад беларускага суда. За сцяг асудзілі пенсіянерку


«Я б сказала, што я не згодная», – так Лізавета Бурсава ацаніла рашэнне суда ў дачыненні сябе: за сцяг, які яна вывесіла ў вакне сваёй кватэры, жанчыну аштрафавалі на 405 рублёў паводле артыкулу 23.34 «Правядзенне масавага мерапрыемства».

Спадарыні Лізавеце Бурсавай 87 гадоў, гэта першы суд у ейным жыцці.

«Ён не зменіць маёй пазіцыі, цалкам, ні на грош. Я ж слухаю, што кажуць: я не вінаваты – ну ўсё. Яны, здаецца, пад капірку судзяць. Калі-небудзь яны за гэта расплацяцца», – кажа спадарыня Лізавета.

У дзяцінстве Лізавета Бурсава ўратавалася ад фашыстаў, яна шматразовая чэмпіёнка па кулявой стральбе. Далучыцца да пратэсту і вывесіць нацыянальную сімволіку ў вакне кватэры пастанавіла пасля выбараў прэзідэнта.

«Як я плакала, як я рыдала. А аказваецца… я даведалася, што ўвесь народ падманулі», – узгадвае спадарыня Лізавета.

Змагацца з нацыянальнаю сімволікай улады пачалі яшчэ ў верасні, калі выносіліся прадпісанні таварыствам уласнікаў двароў. У кастрычніку з’явілася забарона МНС, цытата, «размяшчаць на фасадах, дахах вырабы з гаручага тэкстылю». Судзіць за сцягі ва ўласных кватэрах актыўна пачалі па ўсёй краіне ў лістападзе. Штрафавалі жыхароў Віцебску, Ганцавічаў, Бараўлянаў, Валожына. А жыхар менскага мікрараёну Сокал атрымаў 13 содняў арышту. Цяпер вывешванне сцяга ва ўласным жытле прыраўноўваецца да ўдзелу ў несанкцыянаваным пікетаванні.

«Я ацэньваю гэта поўным святам абсурду, і ў гэтым абсурдзе нам даводзіцца даказваць, што мы не вінаватыя. Атрымліваецца так, што працаўнікі не даказваюць, што ты вінаваты, а ты павінен сам даказаць, што ты не арганізатар масавага мерапрыемства ў сябе ўдома», – расказвае мянчанка Настасся.

Гэтым яна і займалася ўчора на судзе. Ейную справу адправілі на дапрацоўванне праз памылкі.

«Самае смешнае, што працаўнік пры складанні пратаколу пераблытаў адрас. Ён пераблытаў дом і кватэру. Ну і плюс прыкладзеная фатаграфія, гэта была проста фатаграфія вокнаў – незразумела якога дому, без адрасу», – смяецца Настасся.

Паводле адваката Андрэя Мачалава, прычынай, якая і прыводзіць да такога прававога калапсу, сталася адсутнасць падзелу судовай і выканаўчай улады, як мае быць у прававой дзяржаве.

«Гэта значыць, суд крытычна не падыходзіць да матэрыялаў, якія дае міліцыя, ён проста фармальна іх афармляе ў судовую пастанову», – кажа адвакат.

Наколькі законна лічыць вывешванне незабароненай сімволікі ў асабістай кватэры правядзеннем масавага мерапрыемства?

«У прынцыпе, зыходзячы з артыкулу 23.34, немагчыма правесці масавае мерапрыемства ў непублічным месцы. Гэта значыць, нельга ў сябе ўдома правесці масавае мерапрыемства, за якое можна атрымаць нейкую санкцыю», – адказвае Андрэй Мачалаў.

Аднак прыцягненні да адказнасці працягваюцца. Сёння жыхар Бараўлянаў атрымаў прадпісанне за сцяг на тэрыторыі свайго прыватнага дому. Пры паўторным парушэнні – суд паводле ўжо знаёмага беларусам артыкулу 23.34.

Алена Дубовік belsat.eu