Ураган, які забіў шэсць асобаў, дабраўся да Беларусі


Як мінімум па два чалавекі загінулі ў Нямеччыне, Чэхіі ды Польшчы ў выніку атакі стыхіі. Ахвярамі ўрагану «Гэрварт» у Польшчы ў абодвух выпадках сталіся кіроўцы. Адзін не даў рады з кіраваннем, на другі аўтамабіль звалілася дрэва наўпрост падчас руху.

У Нямеччыне 63-охгадовы мужчына патануў у кемпінгу

Здарэнне адбылося ў Ніжняй Саксоніі ў выніку штармавой хвалі. Яшчэ адною ахвяраю сталася жанчына, чый матацыкл быў перакулены ветрам. Паводле звестак сіноптыкаў, парывы шторму дасягалі 100 кіламетраў за гадзіну.

«Моцнае зніжэнне ціску ў цэнтры цыклону выклікала моцныя парывы ветру і, натуральна, ападкі ў выглядзе дажджу. Паступова цыклон будзе сыходзіць, яго сіла аслабне», – паспяшалася супакоіць сіноптык Гражына Дамброўска.

У Чэхіі сотні тысячаў дамоў засталіся без электрычнасці

Рэжым надзвычайнай сітуацыі абвесцілі ў 8-мі чэшскіх рэгіёнах.

У Берліне ўвялі рэжым надзвычайнай сітуацыі

Тысячы пасажыраў у нядзелю затрымаліся па ўсёй Нямеччыне. У кампаніі «Дойчэ Бан» ужо заявілі, што вядзецца пра значную шкоду. Наступствы ўрагану могуць быць і пасля таго, як вецер сціхне. Танкер «Глоры Амстэрдам» сеў на мель каля нямецкага востраву Лянгеуг. 22 сябры экіпажу ў бяспецы, але на борце застаюцца 1800 тонаў цяжкае нафты і 140 тонаў марскога дызельнага паліва, якія могуць трапіць у мора. Акрамя таго, ураган пашкодзіў трубаправод на польскім тэрмінале звадкаванага прыроднага газу ў порце Сьвінауйсьце.

Ужо аслабелым ураган дабраўся да Беларусі

«Гэрварт» працягне рухацца далей на ўсход. У Белгідрамеце абвесцілі пра памаранчавы ўзровень небяспекі. Чакаюць, што месцамі хуткасць ветру дасягне 24-ох метраў за секунду. Таксама сіноптыкі абяцаюць, што апроч ветру і дажджу ўраган прынясе з сабою і мокры снег.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»