Урадавая дэлегацыя з Варшавы прыехала падтрымаць польскую меншасць ў Беларусі


Дзяржсакратар Канцылярыі старшыні Рады Міністраў, упаўнаважаная старшыні Рады Міністраў у пытаннях міжнароднага дыялогу Анна Шміт-Радзевіч распачала двухдзённы візіт сустрэчаю з упаўнаважаным у справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанідам Гулякам у Менску. Беларускі чыноўнік прыняў запрашэнне наведаць Польшчу.

«Было б добра, каб спадар Гуляка сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай меншасці ў Польшчы, каб наведаў адукацыйныя ўстановы, дзе вучацца дзеці беларусаў, дзе яны вучаць беларускую мову», – распавяла «Белсату» прадстаўніца афіцыйнай Варшавы.

Матэрыял Яраслава Сцешыка глядзіце ў поўным выданні навінаў за 17 жніўня

Навучанне на роднай мове – вострае пытанне для польскай меншасці ў нашай краіне, разам з сітуацыяй вакол Саюзу палякаў у Беларусі, не прызнаным уладамі.

«Прызнанне Саюзу палякаў – гэта падстава існавання арганізацыі. Да нашага Саюзу, які ўжо 30 гадоў дбае пра польскую культуру і мову, не ставяцца так, як мусяць ставіцца да польскай меншасці ў Беларусі адпаведна еўрапейскіх і дэмакратычных стандартаў», – ацаніла сітуацыю старшыня Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс.

У Горадні прадстаўніца польскага ўраду сустрэлася з кіраўніцтвам аблвыканкаму, каталіцкім духавенствам і наведала ўрачысты канцэрт, зарганізаваны Саюзам палякаў у Беларусі з нагоды Дня Войска Польскага.

«Забеспячэнне магчымасці легальнага функцыянавання Саюзу палякаў у Беларусі і дбанне аб справах польскай меншасці ў Беларусі – гэта адзін з элементаў польскай замежнай палітыкі і ўтрымання добрых двухбаковых стасункаў», – падкрэсліла Анна Шміт-Радзевіч.

Сустрэчу з польскаю меншасцю ў Беларусі Анна Шміт-Радзевіч назвала найважнейшаю часткаю візіту.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»