Урад змагаецца за 400 рублёў заробку


Прынамсі 400 рублёў для працаўніка кожнага прадпрыемства… Так мелася быць ад 1 ліпеня, але мэтавага заробку дасягнуць удалося толькі для траціны рабочых – прызнаў міністр эканомікі краіны. Чаму імкнемся менавіта да 400 і чаму яны – такія далёкія?

Заробак у 400 рублёў пры наяўнасці сям’і – гэта норма для невялікіх гарадоў і частая з’ява для абласных цэнтраў.

«200-300 рублёў – нармальных заробкаў сёння няма».

«Нізкія, нізкія зараз заробкі: 300-400 рублёў».

«Я папраўдзе не ведаю, якія зараз заробкі ў краіне, але тое, як лічаць сярэдні заробак па краіне, – гэта блеф і прафанацыя», – кажуць жыхары Берасця.

Што такога быць не павінна – прызналі ўчора ў Мінэканомікі і давялі статыстыку: 5 месяцаў таму ў краіне было 207 прадпрыемстваў, дзе заробкі не дацягвалі да 400 рублёў. Цяпер такіх толькі 87, а па выніках года застанецца толькі 10.

Улады таксама абяцаюць, што налета заробкі на заводах дацягнуць да 500 рублёў. Гэта магчыма, але толькі праз рэформы – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук:

«Ніякіх рэсурсаў, ніякіх крыніцаў росту няма – проста трэба ілгаць. Самі прызнаюць, што 400 рублёў гэта мала, і што ёсць такія прадпрыемствы. То прадайце іх, прадайце беларусам, якія ўмеюць гаспадарыць. Белстат паказвае, што прыватныя фермерскія гаспадаркі ў тры-чатыры разы працуюць лепш, чым дзяржаўная, то аддайце ім».

Аб курсе на прыватную ўласнасць – пакуль не вядзецца. Мінэканомікі дзее згодна з загадам віцэ-прэмʼера Аляксандра Турчына, і якім чынам дасягае плану таксама не тлумачыць. Лідар незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч кажа:

«Сёння мы кажам: мінімальны спажывецкі бюджэт – 467 рублёў. І была б логіка ўрада, каб яны сказалі, што заробак сёння па тарыфу першага разраду, калі чалавек працуе – ён не можа быць меншы за 467 рублёў. Чаму гэта не робіцца? Дзесьці гэта робіцца: у чыноўнікаў, пракуратуры. Ёсць жа сёння звесткі, што ў іх 1000 рублёў пенсія і больш».

Паводле падлікаў Белстату, у траўні 2,4% беларусаў мелі налічаны заробак меншы за 300 рублёў. Хоць памер мінімальнага спажывецкага бюджэту складае 467 рублёў для працоўных і на 100 рублёў меншы для пенсіянераў і студэнтаў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu