Аб'ектыў 01.04.2019 Урад падвысіў кошты, але адмяніў свае ж забароны – змены ў эканоміцы з 1 красавіка


«Белнафтахім» працягне падвышаць кошты на бензін і дызельнае паліва. Так апошняе падаражэнне пракаментаваў старшыня дзяржаўнага канцэрну Уладзімір Сізоў. Агулам з пачаткам красавіка змяняецца шэраг тарыфаў і коштаў, рэгуляваных дзяржавай.

Або беларусы будуць менш паліць, або больш плаціць за кепскія звычкі ў бюджэт. З 1-га красавіка выраслі кошты на цыгарэты фабрык «Табак-інвест», «Нёман», і на шэраг замежных гатункаў – на 2-13 кап. за пачак.

Таксама бюджэт мусяць паправіць новае мыта на сырую нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы Еўразійскага эканамічнага саюзу. Напрыклад, мыта на сырую нафту вырасце да $ 97,4. Мінулы раз мыта на нафту і нафтапрадукты падвышалі месяц таму.

Што да ўнутраных коштаў, бензін і дызельнае паліва падаражэлі напярэдадні, на 1 капейку за літр, але ўжо 6 раз з пачатку года.

«Беларускія ўлады працягнуць паступовае падвышэнне коштаў бензіну да рынкавых, бо няма грошай у бюджэце, каб працягваць яго субсідаваць», – прагназуе эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

З пазітыўных навінаў: сёння набыла моц пастанова Савету Міністраў і Нацбанку, якая адмяняе ранейшую забарону індывідуальным прадпрымальнікам разлічвацца наяўнымі грошамі на закупах тавару за мяжою. «Белсат» асвятляў гэтую праблему раней.

«Паводле гэтай пастановы Нацбанку 95% не змогуць працаваць у прынцыпе», – так 18 сакавіка каментаваў «Белсату» асаблівасці забароны Анатоль Шумчанка, кіраўнік грамадскага аб’яднання «Перспектыва».

І вось, пасля перамоваў прадпрымальнікаў і кіраўніцтва Нацбанку забарону на жывы разлік адмянілі. З Пастановы Савету Міністраў і Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь:

«Індывідуальныя прадпрымальнікі, зарэгістраваныя ў РБ, маюць права выкарыстоўваць наяўную замежную валюту для разлікаў за межамі Беларусі па здзелках, якія прадугледжваюць імпарт тавараў, у суме не больш за 100 базавых велічыняў па кожным дакуменце, які пацвярджае паступленне тавараў на тэрыторыю РБ».

100 базавых – гэта 2550 беларускіх рублёў за партыю тавару. З аднаго боку, безнаяўны разлік больш карысны для гаспадаркі, бо дае менш магчымасцяў для ўхілення ад падаткаў. Але, як паказала расследаванне «Белсату» у праграме «Давайце разбірацца«, у Беларусі пад прыкрыццём дзяржавы ідзе маштабная кантрабанда, напрыклад, вопраткі – хадавога тавару ў ІП-эшнікаў. Паводле расследавання, у шматмільённай схеме ўдзельнічае кампанія «Глобал Кастам».

«Вопратка завозіцца праз Літву і Беларусь без аплаты мытаў пад выглядам тканіны, едзе ў тую ж Расею, дзе на рынках гэта прадаецца па-чорнаму беларускім ІП-эшнікам, якія ездзяць у Маскву па тавары для Беларусі», – тлумачыць схему Станіслаў Івашкевіч.

Іншыя буйныя лагістычныя кампаніі праводзяць падобныя схемы, што робіць немагчымым нармальны безнаяўны бізнес ІП-эшнікаў. Як высветліў Станіслаў Івашкевіч, сярод кіраўнікоў гэтых гігантаў – сябры Віктара Лукашэнкі, сына кіраўніка дзяржавы.

Яшчэ адна важная для прадпрымальнікаў навіна – на 4,9 % вырасце базавая арэндная велічыня – да BR 16,9.

Гэта паўплывае на выніковыя кошты тавараў і паслуг у прадпрымальнікаў, што арандуюць плошчы ў дзяржавы. Але рост не такі і вялікі, бо апошні раз базавую арэндную велічыню падвышалі роўна год таму.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары