Урад Індыі адмяніў аўтаномію Кашміру


Сярод індуістаў рашэнне выклікала радасць, сярод мусульманаў – расчараванне. Афіцыйны Ісламабад выказаў абурэнне. У Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў непакояцца, што ўзброены канфлікт між Індыяй і Пакістанам разгарыцца з ранейшай сілай.

Дзясяткі тысяч вайскоўцаў на вуліцах, адключаная тэлефонная сувязь, абмежаваны інтэрнэт, забарона збірацца ў групы больш за чатыры чалавекі, мясцовыя палітычныя лідары пад хатнім арыштам.

«Гэта не тая Індыя, у якую я веру! Мая Індыя – гэта дэмакратычная Індыя, свецкая Індыя для ўсіх, незалежна ад рэлігіі ды рэгіёну», – заявіў сёння былы галоўны міністр штату Джаму і Кашмір Фарук Абдула.

Каб не дапусціць закалотаў, у індыйскай частцы Кашміру ўвялі адмысловае становішча, бо напярэдадні ўрад краіны скасаваў адмысловы статус рэгіёну.

«Я перакананы, што мы ані секунды не павінныя чакаць скасавання 370-га артыкулу [Канстытуцыі]», – сцвердзіў міністр унутраных справаў Індыі Аміт Шаг.

«Сёння кіроўная партыя забіла Канстытуцыю і дэмакратыю!» – адказаў лідар апазіцыі ў Парламенце Індыі Галя Набі Азад.

Кашмір – гэта спрэчны рэгіён на стыку Індыі, Пакістану і Кітаю. Краіны тут раздзяляюцца нават не межамі, а лініямі размежавання, устаноўленымі падчас збройных канфліктаў, што з рознай інтэнсіўнасцю вядуцца тут з 1947 года. Да ўчора індыйская частка рэгіёну, пераважна населеная мусульманамі, у выглядзе штату Джаму і Кашмір, была ўнікальным рэгіёнам Індыі – са сваім урадам, Канстытуцыяй, сцягам і забаронаю набываць зямлю ўсім, акрамя кашмірцаў.

Навіна пра тое, што кіроўная індуісцкая нацыяналістычная партыя «Бгаратыя Джаната» выканала сваё абяцанне пра інтэграцыю Кашміру і Джаму, выклікала радасць у мясцовых індусаў.

«Гэта поўная свабода, якую мы [нарэшце] атрымалі пасля 1947 года. Будучыя пакаленні будуць памятаць гэта цягам наступных ста-двухсот гадоў!» – кажа жыхар Джаму Абгішэк Гупта.

А вось мусульмане, якія складаюць большасць у штаце, маюць зусім супрацьлеглыя пачуцці.

«Кашмір вядомы сваёй адметнай ідэнтычнасцю, якую ён меў дзякуючы 370-му артыкулу. Гэта несправядліва [што яго прыбралі]!» – мяркуе жыхар штату Джаму і Кашмір Заан Магамад.

Куды больш рэзкія заявы гучаць з суседняга Пакістану.

«Надышоў час, каб свет зразумеў усю сурʼёзнасць сітуацыі, каб свет зразумеў, што гэта таксама справа Пакістану. Індыя не можа нічога пастанаўляць без Пакістану», – сцвердзіў Шагбаз Шарыф, лідар апазіцыйнай мусульманскай лігі Наўаз.

Прэм’ер адной з пакістанскіх частак Кашміру – Азад-Кашміру – Раджа Фарук Хайдэр увогуле прыгразіў Індыі ўрэгуляваннем старых рахункаў за мінулыя войны:

«Іншала, мы зробім могілкі для індыйскіх жаўнераў, іншала, мы іх зробім у Кашміры».

Сваю заклапочанасць сітуацыяй выказалі ў Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў.

«За апошнія некалькі дзён група вайсковых назіральнікаў ААН у Індыі ды Пакістане аднатавала і паведаміла пра павелічэнне вайсковай актыўнасці вакол лініі размежавання», – заявіў прэс-сакратар ААН Стэфан Дзюжарык.

ААН заклікала абедзве дзяржавы да стрыманасці. І Індыя, і Пакістан валодаюць ядравай зброяй.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu