Урад хоча зрабіць бязвіз на 21 дзень. Гэта працягласць санаторнай пуцёўкі


Міністэрства спорту і турызму прапануе павялічыць тэрмін бязвізавага ўезду ў Беларусь. Ці паедуць замежнікі масава ў нашую краіну? І якіх наступстваў нам чакаць ад магчымай візавай лібералізацыі?

Ажно на 21 дзень без візы ў Беларусь – такую прапанову ўнёс у Палаце прадстаўнікоў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Па яго словах, міністэрства падтрымлівае любое павелічэнне бязвізавага тэрміну, бо гэта дазволіць замежнікам наведваць беларускія санаторыі. А 21 дзень – як раз стандартная працягласць пуцёўкі.

«Тут ёсць магчымасць усё паспець: і нацпаркі паглядзець, і сядзібы, і паспрабаваць беларускую гасціннасць, і стаміцца ад яго, і адпачнуць. Таму мы чакаем і спадзяемся, што гэта здарыцца. Гэта няпростае пытанне, нашы расейскія калегі вельмі ўсхваляваныя. Але безумоўна, што нашая турысцкая адміністрацыя гэтага хоча», – кажа старшыня грамадскага аб’яднання «Адпачынак у вёсцы» Валерыя Кліцунова.

Паводле Белстату, з моманту ўвядзення пяцідзённага бязвізавага рэжыму для грамадзянаў 80-ці краінаў у лютым мінулага году Беларусь наведала больш за 100 тысячаў турыстаў. Гэта істотная для цяперашніх рэаліяў лічба, бо агулам летась у нашай краіне гасцілі амаль 300 тысячаў чалавек. А выручка дзяржавы ад аказання турыстычных паслуг склала каля $ 82 млн долараў.

«Вельмі моцна павялічылася плынь у Гарадзенскай і Берасцейскай вобласцях. Праўда, там не зусім бязвізавы рэжым, там усё роўна трэба падтрыманне нашых тураператараў, але ўсё роўна гэта аблягчэнне. Галоўнае, што мы атрымліваем – гэта пазітыўны фідбэк, зваротную сувязь. То бок усе, хто едуць у Беларусь, у прынцыпе задаволеныя», – працягвае Кліцунова.

Самі ж беларусы таксама актыўна падарожнічаюць – летась больш за 700 тысячаў чалавек выязджала на адпачынак за мяжу. Але яны дакладна не ўсцешыліся магчымаму падвышэнню кошту шэнгенскіх візаў да 80 еўраў. Гэта такі адказ Захаду на крокі па візавай лібералізацыі з боку Беларусі?

«Павелічэнне кошту візаў для беларусаў узнікае ў сувязі са зменамі візавага кодэксу ў Шэнгенскай прасторы. І тых краін, якія падпісалі пагадненні пра спрашчэнне візавага рэжыму, гэтыя падвышэнні не тычацца. У інтарэсах беларускіх грамадзянаў, каб беларускі ўрад як мага хутчэй падпісаў гэтыя пагадненні», – лічыць Андрэй Ягораў з «ЕўраБеларусі».

У той жа момант, чарговыя візавыя паслабленні пагражаюць не самым лепшым чынам адбіцца на беларуска-расейскіх стасунках.

«Беларускі бязвіз нервуе Расею, таму што ён стварае непадкантрольны рух людзей па тэрыторыі супольнага мытнага і памежнага кантролю. Таму яны спрабуюць фільтраваць людзей на мяжы Беларусі і Расеі», – дадае Андрэй Ягораў.

Па словах экспертаў, Крэмль можа ўзмацніць кантроль на беларуска-расейскай мяжы, а таксама выкарыстаць павелічэнне «бязвізу» для антыбеларускай прапаганды.

Зміцер Міцкевіч; фота – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum