Урачысты каравул і кветкі ад дзяцей – Аляксандр Лукашэнка прыляцеў у Кітай


Аляксандр Лукашэнка наведаў Кітай у межах трохдзённага візіту і ўдзелу ў міжнародным саміце ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях». Кіраўнік Беларусі сустрэўся са старшынём КНР ды іншымі афіцыйнымі асобамі ды ў чарговы раз запэўніваў партнёраў у патрэбе нарошчваць абароты супрацы.

Урачысты каравул, кветкі ад дзетак – візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай выглядае гэтаксама, як і ўсе астатнія замежныя выезды. Але менавіта на Пекін і на кітайскія крэдыты ды інвестыцыі афіцыйны Менск ускладае найбольш эканамічных спадзеваў, калі з Масквой праблемы. І беларускія чыноўнікі не шкадуюць паэтычных эпітэтаў для кітайскіх партнёраў.

«Мы бачым агульны лёс і Кітайскую мару, заснаваную на ўзаемнай павазе, павазе да ўзаемных інтарэсаў, так што гэта выгадна для кожнай краіны», – заявіў кітайскаму дзяржтэлебачанню Кірыл Руды, амбасадар Беларусі ў Кітаі.

Тыдзень таму ў пасланні народу Лукашэнка запэўніваў: «жалезнае братэрства» з Кітаем не заржавее. І абяцаў на форуме «Адзін пояс – адзін шлях» у Пекіне абмеркаваць з Сі Цзінь Пінам выхад беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння на новы ўзровень.

Кітайская ініцыятыва «Адзін пояс – адзін шлях» – гэта стварэнне трансеўразійскіх эканамічных калідораў ад Кітая да Еўразвязу, у тым ліку праз Цэнтральную і Паўднёвую Азію. Таму на саміце, які працягнецца да суботы, кіраўнік Беларусі быў толькі адным з тузіну запрошаных кіраўнікоў дзяржаваў.

Сустрэча з Сі Цзінь Пінам была хуткай, хаця падарункамі абмяняцца паспелі. Таксама ў межах візіту быў падпісаны шэраг міжурадавых пагадненняў і дамоўленасцяў: аб аўтаперавозках, аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, пагадненні ў мытнай галіне і, што важна ў апошні час, пратакол аб ветэрынарных і санітарных патрабаваннях. Каб Беларусь магла пастаўляць у Кітай яшчэ больш мясной і малочнай прадукцыі ды рыбы.

«Мы пачалі з інфраструктурных праектаў і ажыццявілі ўжо 30. У нас ёсць супольны праект, кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». За апошнія 6 гадоў мы ў 30 разоў павялічылі колькасць кантэйнераў, якія праз Беларусь дастаўляюцца з Кітаю ў Еўропу. Так што мы найвялікшая краіна, якая атрымлівае выгады ад чыгуначнага кантэйнернага гандлю ў праекце «Адзін пояс – адзін шлях», – пахваліўся Кірыл Руды.

У Менску і Пекіна ёсць паспяховыя сумесныя вайскова-тэхнічныя праекты, напрыклад, рэактыўная сістэма залпавага агню «Паланэз». Агулам Кітай разам з ростам эканомікі становіцца ўдзячным спажывецкім рынкам, і беларусы могуць ім выгадна скарыстацца.

«У першую чаргу гэта сітуацыя для маленькага і сярэдняга бізнесу, якія маглі б шмат што прапанаваць Кітаю. І тут удзел у гэтай ініцыятыве быў бы прыбыткам для эканомікі і даў бы штуршок для яе развіцця. Але, у першую чаргу, трэба зрабіць умовы для яго, каб бізнес развіваўся, каб не было бар’ераў вакол яго», – мяркуе Яўген Красулін, адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях.

Таксама ў межах візіту ў Пекін Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Узбекістану Шаўкатам Мірзіёевым, каб прапанаваць абмен тэхналогіямі. Чакаюцца і больш балючыя перамовы – з кіраўніком Расеі, якая апошнім часам толькі закрывае свае рынкі для беларускай прадукцыі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: Andrea Verdelli / Pool via REUTERS / Forum