Упершыню пасля Другой сусветнай вайны нямецкія жаўнеры засталіся ў Літве


Больш за сотню вайскоўцаў, каля пяці дзясяткаў адзінак тэхнікі прывітаў порт у Клайпедзе на нязначнай адлегласці ад расейскай стратэгічнай пляцоўкі ў Калінінградзе. Як падкрэсліваюць прадстаўнікі Міністэрства абароны Літвы, прыбыццё першых вайскоўцаў з Бельгіі – гэта толькі пачатак прыярытэтнай місіі НАТО для ўмацавання ўсходніх межаў.

«Баявая група прыбыла ў Літву, каб разам з нашымі ўзброенымі сіламі гарантаваць бяспеку нашай краіне. У склад баявой групы ўваходзяць жаўнеры з Нямеччыны, Бельгіі, Нідэрландаў і Нарвегіі. Яны возьмуць удзел у супольных вайсковых вучэннях ды застануцца на нашай тэрыторыі», – распавёў прадстаўнік літоўскага войска Андрус Дзілда.

Да канца восені ў Літву перакінуць больш за тысячу вайскоўцаў з краінаў НАТО

Пакуль ідзе праца для матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння кантынгенту.

«Мы тут дзеля шматнацыянальнага падтрымання баявой групы. Нашая мэта – дапамога ў разгортванні нямецкага кантынгенту ў горадзе Рукла. Мы дапамагаем перавозіць кантэйнеры, транспартавыя сродкі ды рэчы», – патлумачыў спадар Дзілда.

Узмоцненыя кантынгенты – наступства ліпеньскага саміту НАТО ў Варшаве

На сустрэчы пастанавілі размесціць чатыры дадатковыя батальёны ў Польшчы, Літве, Латвіі ды Эстоніі – каб стрымаць магчымую вайсковую агрэсію з боку Расеі. Захады бяспекі папярэдзіла расейская анексія Крыму ды вайна на ўсходзе Украіны.

«Гэтыя кантынгенты, гэтыя 4 батальёны яны размяжуюць лінію, за якой Расею будзе чакаць удар у адказ. Гэта свайго роду псіхалагічная захада», – зазначыў вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

Крокі Альянсу адназначна ўспрынялі ў Расеі

Стала вядома аб перакідванні ў Калінінградскую вобласць ракетных комплексаў «Іскандэр». Аднак, як сцвярджаюць адмыслоўцы, гэта далёка не ўсё, што можа зрабіць Крэмль. Разгортваннем кантынгентаў НАТО занепакоены і хаўруснік Пуціна ў Менску.

Лукашэнка адрэагаваў «без шуму»

«Расейцы часта кажуць, што каля іх межаў разгортваюць новыя кантынгенты НАТО. Трэба падкрэсліць, што гэтыя кантынгенты разгортваюць перш за ўсё каля нашых межаў, беларускіх межаў. Мы гэта бачым ды без шуму прымаем адэкватныя захады», – падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Масква спрабуе ціснуць на афіцыйны Менск

«Гэта патэнцыйная пагроза дасць козыры радыкальна настроеным расейскім вайскоўцам патрабаваць ад Беларусі размяшчэння на яе тэрыторыі дадатковых кантынгентаў. Гэта можа быць повадам для абвінавачання Лукашэнкі ў бяздзейнасці, у тым, што ён перакінуўся на бок НАТО», – даводзіць Аляксандр Алесін.

Пакуль жа будучыня Альянсу застаецца пад пытаннем

Нядаўна абраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп не аднойчы заяўляў аб неабходнасці скараціць фінансаванне НАТО ды хваліў палітыку Уладзіміра Пуціна.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Matthias Balk / DPA / Forum