Аб'ектыў 20.12.2018 Унук літоўскага прэм‘ер-міністра – «расейскі шпіён»?


«Не Расеі чытаць натацыі свету пра дэмакратычныя свабоды». Гэтак міністр замежных справаў суседняй Літвы Лінас Лінкявічюс пракаментаваў рэакцыю Крамля аб расследаванні шпіянажу на карысць Масквы. Тым часам Вільня паведаміла, што сярод затрыманых крамлёўскіх шпіёнаў ёсць і вядомы левы палітык, унук кіраўніка Літоўскай ССР Альгірдас Палецкіс.

Выведка трэціх краінаў актыўна шукае спосабы ўздзеяння на ўнутраную палітыку Літвы ды іншыя працэсы. Так літоўскі прэм‘ер-міністр Саўлюс Сквярняліс пракаментаваў затрыманне групы асобаў, падазраваных у шпіянажы для расейскіх спецслужбаў. Арышты адбыліся яшчэ ў кастрычніку. У следства ёсць доказы, што злачынная дзейнасць была мэтанакіраванаю, наўмыснаю ды ішла больш за год.

«Падчас папярэдняга расследавання прайшлі вобшукі ў месцах пражывання большасці гэтых людзей. На гэты момант падазраваныя – гэта грамадзяне Літвы, за выключэннем аднога, грамадзяніна Расейскай Федэрацыі», – паведаміў на адмысловай прэс-канферэнцыі Лінас Пярнавас, генеральны камісар паліцыі Літвы.

Колькасць затрыманых і апытаных асобаў – застаецца таямніцаю следства, але службы бяспекі Літвы назвалі аднога з галоўных падазраваных: гэта Альгірдас Палецкіс, былы намеснік мэра Вільні, былы старшыня Сацыялістычнага народнага фронту, экс-дэпутат Сейму. Яго затрымалі з доказамі, якія пацвярджаюць падазрэнні ў зборы закрытай палітычнай інфармацыі.

«Гэтая справа толькі пацвярджае справаздачу літоўскай выведкі аб нацыянальных пагрозах з боку Расеі, якая, на жаль, працягвае ўсімі спосабамі актыўна дамагацца ўплыву на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Літве. З гэтаю мэтай ідзе вербаванне людзей, здольных наўпрост ці праз пасярэднікаў фармаваць парадак дня палітычных партыяў і іх структуру, і, выкарыстоўваючы прэсу, дапамагаць умацаванню расейскай «мяккай сілы» (soft power)», – заявіў дырэктар Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы Дарус Яўнішкіс.

Альгірдас Палецкіс – сын савецка-літоўскага дыпламата і палітыка праеўрапейскага кірунку Юстаса Вінцаса Палецкіса, які неаднаразова ў эфіры «Белсату» выступаў у падтрыманне незалежнай і дэмакратычнай Беларусі. І ўнук Юстаса Палецкіса, які супрацоўнічаў з савецкімі ўладамі падчас акупацыі 1940-га года і стаў першым кіраўніком ураду Літоўскай ССР. Сацыялістычны народны фронт, які ўзначальваў Альгірдас Палецкіс, паводле палітолагаў, заўжды быў ультракамуністычным у сутнасці і маргінальным ва ўзроўні падтрымання грамадства.

«Усе гэтыя людзі, што выконвалі задачы для расейскіх выведных службаў, так ці іначай звязаныя з палітычнымі партыямі, але не з прысутнымі ў парламенце. Гэты выпадак асаблівы яшчэ і тым, што расейская выведка цэліла ў найбольш вострыя тэмы для літоўскага грамадства», – падкрэсліў на прэс-канферэнцыі генеральны пракурор Літвы Эвалдас Пашыліс.

Адзін з болевых пунктаў, у які цэліла група затрыманых, – падзеі студзеня 1991-га года, калі савецкія войскі на загад Міхаіла Гарбачова ўварваліся ў незалежную Літву, расстрэльвалі ды давілі танкамі мірных жыхароў Вільні падчас штурму тэлецэнтру. Альгірдас Палецкіс быў аштрафаваны за публічнае адмаўленне гэтага факту савецкай акупацыі.

У Маскве затрыманне падазраваных у шпіянажы назвалі праяваю русафобіі. Афіцыйная заява амбасады Расеі ў Літве:

«Няма сумневаў: задуманая тут новая шпіёнская валтузня – гэта чарговая сур’ёзная і грубая антырасейская акцыя літоўскіх уладаў».

За апошнія 4 гады ў Літве 12 асобаў былі абвінавачаныя ў шпіянажы на карысць спецслужбаў Расеі або Беларусі. Пяцёра з іх атрымалі турэмныя тэрміны.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

ФОТА: DELFI / Audrius Solominas

Глядзі таксама
Каментары