Унікальную крыпту Радзівілаў у Нясвіжы заліло вадою


Хворы ксёндз з тэмпературай вышэй за 38 градусаў у холадзе, у гумавых ботах, ратуе падтопленую радавую пахавальню Радзівілаў у Нясвіжы. Вада прыбывае, сцены помніка сусветнай спадчыны, храму Божага цела, набракаюць вільгаццю. У крыпце змешчана больш за 70 саркафагаў князёў Радзівілаў.

Укрыпце ўсталявалі помпу, якую ўключаюць кожныя дзве гадзіны

Вада прыбывае вельмі хутка. Парафіяне арганізавалі дзяжурствы і ўвесь час прыходзяць сюды вычэрпваць ваду.

Апошняе падтапленне крыпты было ў 1905 годзе, але тады быў затоплены ўвесь горад, вада залівалася праз вокны. Цяпер яна ідзе аднекуль знізу.

«Гэта не талыя воды, бо першы раз вада з’явілася 7 сакавіка, серада, тыдзень таму, было мінус 5 на вуліцы. Адлігі не было», – сведчыць пробашч парафіі Божага цела ў Нясвіжы Пётр Шарко.

У касцёле больш за 5 гадоў ідуць рэстаўрацыйныя працы

Падчас іх адбываецца шмат неадпаведнасцяў. Генеральны праектоўнік – «Белрэстаўрацыя». Рашэннем навукова-метадычнай рады праводзілі гідраізаляцыю падмурка храму пры дапамозе пластыкавага шпунта, які ёсць своеасаблівым поясам, што мусіць адсякаць грунтовыя воды. Гэта складаная тэхніка закладання крохкіх пластыкавых шчытоў шпунта на глыбіню ад пяці да дзевяці метраў. Дакладная прычына падтаплення пакуль невядомая, яе мае выявіць камісія з экспертаў.

«Як зрабілі гэта…шпунт загналі вакол касцёла, стала вада ісці. Яна падтоплівае крыпту. Адпампоўваецца, вады дужа атрымліваецца. Ну можа выправяць, вучоныя будуць працаваць над гэтым», – кажа парафіянін Леанід Яцук.

Храм уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКО

Ён пад асаблівай аховай дзяржавы. Прымаць ніякіх рашэнняў ці праводзіць ратавальных аварыйных працаў касцёл і парафіяне самастойна не маюць права. У райвыканкаме з самага пачатку абяцаюць, што спецыялісты, прызначаныя дзяржавай, у бліжэйшы час з’явіцца на аб’екце.

«Пакуль што з райвыканкаму кажуць, што «мы ўсё зробім, ксёндз, не перажывайце, не хвалюйцеся, маліцеся, а мы ўсё зробім». Але пакуль што мы ўсё робім, бо адпампоўваем ваду і чакаем, калі ж рашэнне нейкае прымецца», – скардзіцца спадар Шарко.

Крыпта Радзівілаў – трэцяе паводле колькасці радавое пахаванне ў Еўропе пасля дынастычных крыптаў Габсбургаў і Бурбонаў. Самае ранняе пахаванне тут датуецца 1616 годам. З-за вады крыпта закрытая для наведвання турыстаў.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»