Умовы ўезду замежнікаў у Беларусь зноў спрасцілі


Каля 60-ці тысячаў чалавек наведалі Беларусь па бязвізавым уездзе праз нацыянальны аэрапорт «Менск». За практычна паўгода – лічба невялікая. Аднак улады Беларусі на дасягнутым спыняцца не збіраюцца і заяўляюць аб жаданні далей спрашчаць умовы ўезду і перабывання замежнікаў у краіне.

Яшчэ адна пазітыўная навіна – ад 2-га студзеня кожны замежнік у Беларусі можа зарэгістравацца ў органах МУС праз інтэрнэт-сайт Партал кропка бі-ўай. Гэта зручна як самім турыстам, гэтак і тым, хто іх запрашае. Пакуль, што праўда, сэрвіс працуе з памылкамі.

«Я не бачу падставаў, каб было больш турыстаў. Хоць і хацелася б, вядома».

«Я лічу, што прыедзе больш, бо будуць гульні Еўрапейскія».

«Ёсць усе ўмовы. Шмат гатэляў, дзе можна спыніцца».

«Многа гатэляў, шмат чаго паглядзець, дзе спыніцца. Прыязджаюць. Да нас вось прыехалі з Нямеччыны», – разважаюць жыхары Менску.

Аднак турыстычныя перспектывы Беларусі цешаць не ўсіх – кажуць эксперты.

«Масква ўсяляк спрабуе, каб усе гэтыя дзеянні былі нейкім чынам узгодненыя і падпадалі пад нейкую агульную візавую палітыку. Але дзеянні афіцыйнага Менску даказваюць, што дэ-факта агульнай візавай палітыкі на сёння паміж Беларуссю і Расеяй няма», – гаворыць Віталь Цыганкоў, аглядальнік радыё «Свабода».

Напрыканцы снежня Менск і Масква, насуперак афіцыйным заявам, не падпісалі дамовы аб двухбаковым прызнанні візаў. А кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка не аднойчы звяртаў увагу на фактычна аднабаковае ўсталяванне Расеяй памежнага кантролю на мяжы з Беларуссю:

«Нам нельга прыпадабняцца Расеі. Яны самі не разумеюць, чаго яны хочуць і што яны робяць на беларуска-расейскай мяжы».

Ужо сёлета Беларусь прыме другія Еўрапейскія гульні. Ці чакаць чарговых крокаў у візавай лібералізацыі? І ці ўвогуле адчуваюць набліжэнне спаборніцтваў адмыслоўцы ў сферы турызму?

«Мы не бачым ажыятажу, звязанага з Еўрапейскімі гульнямі… Цікавосткі – усё засталося тое ж самае. Але ёсць і свае мінусы. У нас ва ўстановах як размаўлялі па-расейску, так і працягваюць – англійскай не ведае ніхто, мінімум», – гаворыць Святлана Ясько, менеджар па турызме.

Нягледзячы на візавую лібералізацыю, дагэтуль складана з агульнай мовай паміж Захадам і афіцыйным Менскам. На меркаванне адмыслоўцаў, эйфарыя ад увядзення бязвізавага ўезду для грамадзянаў шэрагу краінаў ужо мінула. Віталь Цыганкоў, аглядальнік радыё «Свабода»:

«2018 год паказаў, што ў пэўным сэнсе лібералізацыя і пацяпленне ў беларуска-заходніх адносінах падышлі да нейкай мяжы, нейкай столі, калі абодва бакі не ведаюць, што рабіць, якія радыкальныя крокі прадпрымаць. І робяць такія дробныя крокі, накшталт вось гэтага пашырэння бязвізу, якія кардынальна на паляпшэнне адносінаў не ўплываюць».

У той жа момант час ад часу з’яўляецца інфармацыя пра магчымае пашырэнне бязвізавага ўезду ў Беларусь яшчэ і на наземныя памежныя пераходы. Эксперты сцвярджаюць, што такі крок можа павялічыць колькасць турыстаў у нашай краіне як мінімум утрая.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu