Умоўная перамога ў «маскоўскай справе»: Ягора Жукава не кінулі за краты


Саюзнае адзінства ў пытаннях свабоды слова і сходаў дэманструе Расея. Тры гады зняволення, хоць і ўмоўна – прысуд Кунцаўскага суда Масквы для студэнта Ягора Жукава, абвінавачанага ў закліках да экстрэмісцкай дзейнасці праз Youtube-канал. Фігуранта «маскоўскай справы» прыйшлі падтрымаць сотні паплечнікаў. Пад будынкам суда – вялікая група падтрымання, пераважна моладзь.

Сам Ягор Жукаў – 21-гадовы студэнт дэпартаменту паліталогіі Вышэйшай школы эканомікі – не спадзяваўся, што зможа прамовіць пасля суда:

«Яны ператварылі суд у рэпрэсіўны інстытут, і мы павінныя разумець, што гэта мэтанакіраваная палітыка. Я таксама хачу падзякаваць усім, хто публічна і непублічна змагаўся за маё вызваленне, за цікавасць да маёй персоны. Дзякуй усім!»

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Тры гады, але ўмоўна атрымаў за кваліфікаваныя судом як экстрэмісцкія заклікі да мірных пратэстаў падчас акцыяў «За справядлівыя выбары» у роліках на Youtube-канале «Блог Жукова». Першыя абвінавачанні следства былі менш жорсткія – арганізацыя масавых беспарадкаў падчас летніх акцыяў пратэстаў у Маскве. Oxxxymiron, хіп-хоп выканаўца, так скаментаваў гэтыя падзеі:

«Тое, што прысуд апраўдальны, кажа ўсім, хто меў сумневы, пра тое, што абвінавачанні ў адрас іншых фігурантаў «маскоўскай справы» з вялікаю імавернасцю таксама з’яўляюцца «нацягнутымі», прыцягнутымі за вушы, а тэрміны дзікімі і неадэкватнымі».

Асуджаны не згодны з выракам, хоць і цешыць тое, што прынамсі за краты не трапіў. Толькі дзякуючы шырокай кампаніі падтрымання. За Ягора паручыліся 600 чалавек, у тым ліку ягоныя выкладчыкі і студэнты:

«Я лічу, што справа супраць Ягора Жукава – гэта справа супраць усіх нас, таму я лічу важным выказаць сваю салідарнасць», – кажа студэнтка.

Ягору Жукаву забаранілі карыстацца інтэрнэтам напрацягу двух гадоў і напрацягу трох гадоў – весці блог. Гэта дае выразны абмежавальны сігнал іншым актывістам, блогерам і незалежным медыям. З іншага боку…

«Ёсць два сцэнару развіцця падзеяў. Адзін – што грамадства ўздыхне і прапусціць момант. Таму я сёння заклікаю ўсіх: калі ласка, прыходзьце падтрымаць астатніх фігурантаў «маскоўскай справы», а не святкуйце гэты ўмоўны вырак як перамогу. Калі вызваляюць аднаго, а саджаюць 20 іншых. Гэта не перамога, а правал – людзі сядаюць ні за што», – кажа Міхаіл Светаў, палітык, Масква.

Паводле аб’яднанай Крымінальнай справы аб масавых беспарадках у расейскай сталіцы арыштавалі 15 асобаў. Вінаватасць фігурантаў у шматлікіх эпізодах абвяргаюць прынамсі відэаматэрыялы з натоўпу.

Юлія Цяльпук belsat.eu