«Уласнік у блін разаб’ецца». Чаму замежныя інвестары мінаюць Беларусь?


Як выглядае беларускі дзелавы клімат для замежных інвестараў? Пра гэта ў Менску распавялі прадстаўнікі міжнародных фінансавых інстытуцыяў. Тэма гучала сёння і на нарадзе ў кіраўніка краіны.

Меліся працаваць ды прыносіць прыбытак, аднак урад ізноў просіць дзяржаўнай дапамогі. Спраўдзіць выкананне бізнес-плану на найбольш неэфектыўных інвестпраектах пастанавіў Аляксандр Лукашэнка падчас сённяшняй нарады.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Урад пры канцы года традыцыйна падрыхтаваў прапанову аб аказанні чарговай дзяржаўнай дапамогі. Ну што ж, калі гэтае падтрыманне абгрунтаванае, мы гэтае падтрыманне будзем аказваць, але толькі пасля таго, як будзе даказана, што ў гэтым падтрыманні просьбіты маюць патрэбу», – заявіў Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

Гэтак, крэдыты атрымалі 34 буйныя беларускія прадпрыемствы. 22 з іх – ужо ў эксплуатацыі. Рэшта – выходзяць на праектавую магутнасць. Пры гэтым тры праекты ў цэлюлозна-папяровай сферы запрасілі дадатковае фінансаванне, а вытворца сукняў – пераносу тэрмінаў запуску. Дзяржаўнае падтрыманне выдаткоўвалася перадусім для тых, хто здолее функцыянаваць за кошт айчыннай сыравіны. Дык у чым можа быць правал інвестыцыяў?

«Калі дзяржава інвестуе грошы, гэтыя грошы не зразумела чые, агульныя, то сэрца за іх не баліць. Калі грошы ўкладае ўласнік, то ён укладае свае кроўныя, і ён у блін разаб’ецца, каб кожная капейка была выдаткаваная максімальна эфектыўна», – тлумачыць Жанна Кулакова, аналітык праекту «Кошт ураду».

Гэта прыклад суконнай фабрыкі «Камволь» або заводу газетнай паперы ў Шклове. Між тым аднавіць добрушскую папяровую фабрыку «Герой працы» мелася кітайская карпарацыя «Сюань Юань», аднак не здолела. Пасля некампетэнтнасці кітайскага падрадчыка рыхтаваць да запуску даводзіцца самастойна і Цэлюлозна-кардонны камбінат у Светлагорску. Менш правалаў зазнаем ад еўрапейскіх інвестараў, аднак далёка не кожны пакуль гатовы прыйсці працаваць у Беларусь.

Жанна Кулакова, аналітык праекту «Кошт ураду»:

«Што можа замежны інвестар ведаць пра Беларусь? Калі ён ніколі не шукаў адмыслова інфармацыі пра Беларусь, то ён можа ведаць, што гэта бедная краіна са своеасаблівым палітычным рэжымам. Калі ён пачне капаць глыбей, то пабачыць, што Беларусь за апошнія 10 гадоў перажыла гіперінфляцыю, што курс нацыянальнай валюты абясцэніўся ў 10 разоў за гэты перыяд».

Неспрыяльны клімат для інвестараў адзначаюць і ў бізнес-асяродку, нягледзячы на рэформы і поспехі ў барацьбе з карупцыяй. Гэткія высновы паказаў аналіз міжнародных фінансавых арганізацыяў.

Алекс Крэмер, старшыня прадстаўніцтва Сусветнага банку ў Беларусі:

«Крокі, якія краіна мусіць зрабіць, каб палепшыць сітуацыю, вельмі простыя: рэформы былі праведзеныя на паперы, а цяпер неабходная іх рэалізацыя на практыцы праз службовых асобаў, бо на цяперашні момант бізнес не адчувае зменаў».

Гэтак, сярод найбольшых перашкодаў бізнесоўцы па-ранейшаму называюць падатковыя стаўкі, кепскі доступ да фінансавання, нядобрасумленную канкурэнцыю і палітычную нестабільнасць.

Юлія Лабанава belsat.eu