Уладзімір Няпомняшчых: Іх напужала спалучэнне словаў «імпічмент» і «Лукашэнка»


Уладзімір Няпомняшчых – кандыдат у Палату прадстаўнікоў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ягоны агітацыйны выступ на тэлеканале «Беларусь-3» мусіў адбыцца 22 кастрычніка а 19 гадзіне. Аднак праз пэўны час пасля запісу Няпомняшчых даведаўся, што выступ знялі з эфіру.

Уладзімір Няпомняшчых, кандыдат у дэпутаты палаты прадстаўнікоў:

«Асноўным пунктам маёй праграмы, што я і агучыў на тэлебачанні, з’яўляецца імпічмент Лукашэнку. Відаць, іх напужала спалучэнне двух словаў: «імпічмент» і «Лукашэнка». Яны нарабілі ў штаны па поўнай праграме. Таму і не паказалі майго выступу».

Паводле намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, зняцце выступу ў такім выпадку недапушчальнае, паколькі ён ніяк не парушае дзейнае заканадаўства і служыць часткай агітацыйнай кампаніі кандыдата ў дэпутаты, які карыстаецца сваім правам на прысутнасць у эфіры.

Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ:

«Ён можа заклікаць да ўсяго чаго заўгодна па выбарчым заканадаўстве, акрамя гвалтоўных дзеянняў па змене рэжыму і гэтак далей. Таму калі чалавек выступае за імпічмент Лукашэнку – гэта ягонае права, ён мае права гэта сказаць, і гэта павінна было выйсці ў эфір. Таму мы расцэньваем гэта як яскравы выпадак цэнзуры, які адбыўся літаральна ў першыя дні дазволенай агітацыі».

Паводле экспертаў БАЖ, такога кшталту цэнзура можа сведчыць пра курс дзяржаўных медыяў на тое, каб зрабіць сёлетнюю выбарчую кампанію максімальна ціхай і непрыкметнай. Штопраўда, найбольш увагі ў паведамленнях аб выбарах праўладныя сродкі масавай інфармацыі надаюць адной канкрэтнай асобе.

Алесь Анціпенка, кіраўнік групы маніторынгу БАЖ:

«Прэзідэнт краіны з’яўляецца галоўным акторам выбарчага працэсу. Гэта можна бачыць па тым часе і той увазе, якую надаюць яго выказванням. Разам з тым відавочна, што журналісты дзяржаўных медыяў ніколі не выказваюць нейкіх адрозных альбо крытычных пазіцый датычна таго, што належыць у выказваннях прадстаўнікам улады».

Праўладныя медыі на тэму выбараў падаюць інфармацыю выключна тэхнічнага характару, абсалютна не цікавую звычайным выбарнікам, кажа Анціпенка, а пра палітычныя праграмы ці прапановы рэформаў не ўзгадваюць увогуле.

Алесь Анціпенка, кіраўнік групы маніторынгу БАЖ:

«Маргіналізацыя галоўных актораў выбарчага працэсу: маюцца на ўвазе палітычныя партыі, іхныя прадстаўнікі, дэперсаніфікацыя іншых удзельнікаў выбарчага працэсу. Гэта сітуацыя, калі тэма выбараў не з’яўляецца актуальнай, – яна можа быць адсунутай».

Асноўная задача ўладаў – поўная дэпалітызацыя выбарчага працэсу. Каб людзі ў савецкіх традыцыях успрымалі выбары як нейкае свята, а не палітычную падзею, – кажуць чальцы групы маніторынгу БАЖ.

Здавалася б, выбары – велізарная медыянагода: сутыкненне амбіцыяў, дэбаты, скандалы! Але, як бачым, не ў Беларусі. Улады спрабуюць зрабіць так, каб ніякай драматургіі ў выбарчым працэсе не было. То бок фактычна даюць зразумець, што нічога важнага не адбываецца.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu