Уладзімір Макей прызнаў, што не ведае, калі запрацуе БелАЭС


Беларусь наведае дэлегацыя ядравых экспертаў Еўразвязу. А запуск першага энергаблоку Астравецкай АЭС адкладзены на невядомы час. Пра гэта распавёў міністр замежных справаў Уладзімір Макей падчас сустрэчы са сваім літоўскім калегам Лінасам Лінкявічусам. Апошні ж пабачыўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і паслухаў пра стан правоў чалавека ў Беларусі.

Вільня і Менск – крок да збліжэння. Суверэнная і незалежная Беларусь – нацыянальны інтарэс Літвы, падкрэсліў Лінас Лінкявічус, міністр замежных справаў Літвы:

«Мы шмат гаварылі пра перапахаванне герояў 1863 года, тое, што нядаўна было ў Вільні. Паглядзелі на гісторыю, на тыя каштоўнасці, якія і цяпер важныя: свабода, барацьба за незалежнасць».

Але не толькі агульная гісторыя мае служыць умацаванню суверэнітэту. Вільня пацвярджае, што гатовая забяспечыць рэгулярныя пастаўкі энерганосьбітаў у Беларусь. Аналітык BISS Кацярына Шмаціна звяртае ўвагу:

«Калі атрымаецца дамовіцца з Літвой, то гэта будзе новы крок для нас і для Еўразвязу, і для падпісання прыярытэтаў партнёрства, і для далейшага збліжэння з Еўразвязам, падпісання юрыдычных дакументаў».

Але пакуль, на думку аналітыка, візіт шэфа літоўскай дыпламатыі меў больш сімвалічны характар. Перамовы міністра Лінаса Лінкявічуса ў беларускім МЗС не назавеш простымі. З аднаго боку, Літва можа дапамагчы Менску ўнезалежніцца ад Масквы ды заадно зарабіць на пастаўках нафты і газу ў Беларусь. З другога – над наладжваннем сапраўды добрых міждзяржаўных дачыненняў навісаюць пытанні правоў чалавека і Астравецкай АЭС.

Акурат 4 лютага літоўская выведка апублікавала справаздачу, у якой сцвярджае: летась у чэрвені і «Росатом», і беларускія ведамствы засакрэцілі інфармацыю пра пажар на будоўлі станцыі. І ў гэты ж дзень Уладзімір Макей прызнаў, што не ведае, калі запрацуе АЭС, збудаваная на расейскі крэдыт:

«Я не магу сказаць дакладна, калі адбудзецца пуск станцыі. На жаль, у сілу розных прычынаў прыйшлося перанесці ўвод у эксплуатацыю першага энергаблока».

Таксама Макей заявіў, што ўжо ў сярэдзіне сакавіка Беларусь гатовая прыняць экспертаў у ядравай энергетыцы з Еўразвязу. Што ж датычыць правоў чалавека, напярэдадні Лінас Лінкявічус пабачыўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі кажа:

«Калі літоўцы не хочуць, каб расейскія танкі стаялі ў Горадні і ў Лідзе, і ў Шчучыне стаяў расейскі аэрадром, значыць, трэба рабіць усё для захавання суверэнітэту Беларусі на сённяшні дзень».

У якасці чырвонай лініі Алесь Бяляцкі назваў з’яўленне новых палітвязняў.

«У інтарэсах беларускага лідарства выглядаць максімальна прыстойна для Захаду, і для літоўскіх партнёраў, і для амерыканскіх, і мінімізаваць нейкі ціск, прынамсі бачны, на грамадзянскую супольнасць», – заўважае аналітык BISS Кацярына Шмаціна.

У сваю чаргу прысутны на сустрэчы палітык Мікалай Статкевіч назваў галоўнаю пагрозаю для беларускага суверэнітэту Лукашэнку. Маўляў, той не шукае дыверсіфікацыі паставак энерганосьбітаў, а проста маніпулюе сваймі кантактамі з ЗША і Літвой.

«Гэта ўсё для Масквы, скіньце цану. Бо кожныя 10 долараў за тону расейскае нафты – гэта, магчыма, лішні год ва ўладзе», – кажа старшыня «Народнай Грамады» Мікалай Статкевіч.

Уласна пра кошты чорнага золата пойдзе гаворка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у бліжэйшую пятніцу.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu