Уладзімір Макей падчас каранціну рабіў пакупкі


У Беларусі пацвердзілі 152 выпадкі каронавіруса: 47 пацыентаў «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі, яшчэ 105 застаюцца пад медычным кантролем і на лячэнні».

Новыя лічбы афіцыйнай статыстыкі з’явіліся праз тры дні маўчання медчыноўнікаў.

«Міністэрства аховы здароўя выбрала для сябе тактыку не штодзённага інфармавання СМІ пра сітуацыю. Гэта звязана з тым, што мы застаемся ў нашым першым рэжыме работы. Нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца», – патлумачыла ў пятніцу, 27 сакавіка, падчас брыфінгу ў Міністэрстве аховы здароўя намесніца міністра Алена Богдан.

Але такая тактыка замест супакою прыносіць паніку і шквал паведамленняў пра новыя выпадкі заражэння і падазрэння на COVID-19. Гэтак у вёсцы Новыя Доктаравічы, што на Капыльшчыне, масава правяраюць на каронавірус дзяцей. У сярэдзіне сакавіка ў раённы шпіталь паклалі адну з настаўніц мясцовае школы.

«Сёння мясцовых дзяцей забралі на аналізы, напэўна. Учора бралі ўва ўсіх мазкі, аналізы, тэмпературу мералі», – распавядае жыхарка Новых Доктаравічаў.

Ці шпіталізавалі жыхароў Новых Доктаравічаў, у капыльскай больніцы каментаваць адмовіліся. Тым часам у Менску каронавірус выявілі ў завуча гімназіі нумар 5. У дзяцей, якія кантактавалі з заражанай асобай, бяруць мазкі. Тых, хто не хоча шпіталізавацца, пакідаюць на самаізаляцыі дома пад наглядам бацькоў. Ад сёння ў школьнікаў канікулы. А вось настаўнікі ў масках і пальчатках працягваюць хадзіць на працу. Дэзынфекцыі ж у школе вырашылі не праводзіць.

«У пятніцу гэта высветлілася. У суботу і нядзелю дэзынфекцыі не рабілі. А сёння ўжо палічылі, што прайшло многа дзён», – кажа вахцёрка гімназіі.

Пнеўманія і станоўчы тэст на каронавірус у віцебскага актора. Ён у рэанімацыі. Драматычны тэатр імя Якуба Коласа адмяніў спектаклі да 18 красавіка. Гэтую інфармацыю ў размове з «Белсатам» пацвердзіў дырэктар тэатру Аляксандр Старых, аднак падкрэсліў, што скасаванне паказаў звязанае не з каранцінам, а з адсутнасцю гледачоў. Жыхары Віцебску кажуць:

«Правільна, трэба перачакаць гэты момант».

«Часам трэба дзеля агульнай справы нешта адмяніць».

«Я не бачу ў гэтым ніякай неабходнасці. Людзі ж усё роўна кантактуюць у транспарце і паўсюль. Гэта не выратуе сітуацыю».

«У такой сітуацыі гэта правільнае рашэнне. Народ ізгаладаецца і пойдзе на прадстаўленні».

Віцебскі гарвыканкам зацвердзіў план супраць каронавіруса. Сярод захадаў – прафілактыка ў школах, абмежаванне камандзіровак, дэзынфекцыя грамадскага транспарту ды забарона масавых мерапрыемстваў.

Тым часам людзі паведамляюць пра новыя выпадкі COVID-19 сродкам масавай інфармацыі ўсё часцей. Гэтак, чытачка «Свабоды» распавяла, што ў менскім дзіцячым садку № 566 на каронавірусную інфекцыю захварэла нянечка:

«Ёй спачатку паставілі дыягназ «грып», а потым яна пачала задыхацца і страціла прытомнасць. І ёй выклікалі «хуткую», адразу праверылі на вірус».

Інфармацыю журналістам пацвердзілі ў адміністрацыі Партызанскага раёну. Цяпер група, дзе працавала хворая, ізаляваная, а таксама і бацькі дзетак.

Дарэчы, на ізаляцыі цягам 14 дзён меўся быць і міністр замежных справаў. Уладзімір Макей прызнаўся, што кантактаваў з носьбітам віруса. Падчас каранціну ён сапраўды адсутнічаў на нарадах, аднак у краму па прадукты чамусьці хадзіў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum