Улады зрабілі з незалежных журналістаў ворагаў


Беларуская асацыяцыя журналістаў збіраецца накіраваць зварот у Міністэрства інфармацыі з нагоды прыпынення статусу СМІ для парталу TUT.by. Да звароту БАЖ заклікае далучыцца медыйную супольнасць.

«На мой погляд і на погляд БАЖ, гэта, безумоўна, нічым не абгрунтаванае парушэнне свабоды выказвання ў краіне. І тым больш, што гэтае парушэнне звязанае з палітычнай дыскусіяй, якая мусіць быць абароненай у найбольшай меры, але ў нас атрымліваецца неяк наадварот», – кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Прыпыненне статусу СМІ для парталу TUT.by – не першая спроба ціску на рэдакцыю.

«Калі пачалі затрымліваць журналістаў і незаконна фактычна іх судзіць у верасні, стала зразумела, што гэта ўсё будзе развівацца яшчэ больш імкліва, яшчэ больш сурʼёзна. Мы проста гатовыя да ўсяго», – зазначае галоўная рэдактарка TUT.by Марына Золатава.

TUT.by будзе намагацца абскардзіць рашэнне аб прыпыненні статусу СМІ. А 8 кастрычніка ў судзе змагацца за тое, каб статус увогуле не зліквідавалі. Пакуль жа кіраўніцтва парталу прыняло рашэнне не адпраўляць сваіх працаўнікоў працаваць на пратэставыя акцыі, каб яны не рызыкавалі.

«Самы галоўны момант, які змяняецца цяпер для журналістаў TUT.BY, што яны ў вачах дзяржавы перастаюць быць журналістамі. Яны не змогуць хадзіць на масавыя акцыі і адчуваць абарону хаця б нейкага заканадаўства», – падкрэслівае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Мы запыталіся людзей на вуліцах Менску, чаму, на іхную думку, улады ціснуць на найбуйнейшы медыйны рэсурс.

«Не хочуць, каб народ ведаў, як сапраўды мы жывем і што адбываецца ў краіне. Меней інфармацыі – быццам бы мацнейшая краіна».

«Ім нявыгадна мець незалежны пункт гледжання, які адрозніваецца ад праўладнага меркавання. Таму яны імкнуцца зрабіць менш бяспечнай працу журналістаў TUT.by».

«Дзеля таго, каб абмежаваць магчымасці нашага насельніцтва атрымліваць інфармацыю. Таму што яны ствараюць нявыгадны для ўладаў кантэнт».

Зазнаюць прэсінг і іншыя незалежныя медыі. Гэтак, галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч праходзіць сведкам у справе аб паклёпе на намесніка міністра ўнутраных справаў Аляксандра Барсукова. Нягледзячы на статус сведкі, ён правёў 72 гадзіны ў ізалятары.

«Я не здзіўлены, яна абсалютна адпавядае тым падыходам дзяржавы, што ў прынцыпе цяпер прымяняюцца да незалежных медыяў. Канкрэтна ў нас гэта крымінальная справа і блакіроўка, у кагосьці – проста блакіроўка, у кагосьці – суткі. Гэта проста бясконцы працэс ціску і рэпрэсій», – мяркуе галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч.

Сёлета Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала 344 выпадкі ціску на працаўнікоў медыяў. За кратамі застаюцца 10 журналістаў, сярод іх – і карэспандэнты «Белсату».

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»