Улады «зачысцілі» абаронцаў Курапат


Лёс затрыманага на выходных абаронцы Курапатаў Дзяніса Урбановіча – дагэтуль невядомы. Канкрэтную інфармацыю ягоныя паплечнікі спадзяюцца пачуць пасля даўгіх выходных. Тым часам для Паўла Севярынца, Вольгі Мікалайчык і Наталлі Басалыгі беларускія суды адкрытыя нават у непрацоўныя дні.

Сёння пікетоўцаў перад брамамі рэстарану «Паедзем паядзім» ля Курапатаў можна пералічыць на пальцах адной рукі. Варта хутчэй сімвалічная, кажуць яны.

«Праехалі тры машыны, нават не прыпыняючыся, на нейкае вяселле ці штосьці такое. На жаль, пакуль людзей не стае і варты пакуль няма», – распавядае тэхнічны сакратар ГА «Альтэрнатыва» Ілля Дабратвор.

Толькі цягам папярэдніх двух дзён затрымалі адразу пяцёх пікетоўцаў. Барыса Анікеева праз нейкі час адпусцілі. Што ж адбываецца з Дзянісам Урбановічам – невядома дагэтуль. Актывісты ўпэўненыя, што іхных паплечнікаў адмыслова затрымалі на вялікія выходныя, каб яны даўжэй чакалі суда. Але Вольгу Мікалайчык і Паўла Севярынца змаглі асудзіць нават у суботу – дзесяць содняў арышту кожнаму. Працавалі ў выходны і для Наталлі Гарачкі, ейны сённяшні прысуд пакуль не агучаны.

«У нас суды ўжо працуюць звыштэрмінова. Сёння хацелі перадаць перадачу Вользе Мікалайчык, пажылыя людзі, якім пад 80. Не прынялі, маўляў, можна толькі сваякам. А ў Вольгі Мікалайчык цяжка хворая маці. Як быць у такой сітуацыі?», – кажа грамадскі актывіст Леанід Кулакоў.

Рэстаран «Паедзем паядзім» дэ-юрэ размешчаны законна. Хаця паводле ахоўных зонаў, што існавалі да 2014 года, мяжа, дзе будаўніцтва забароненае, праходзіць роўна пасярэдзіне ўстановы. Генпракуратура і Мінкульт у 2012 годзе загадвалі вызваліць пляцоўку, але ў выніку чатыры гады таму ахоўныя зоны зменшылі ўдвая, акурат такім чынам, каб каля ўрочышча маглі паўстаць рэстарацыя і бізнес-цэнтр, будаўніцтва якога згарнулі пасля леташніх пратэстаў.

«Дзяржава пляваць хацела на памяць рэпрэсаваных. Самое КДБ – яго нават не перайменавалі, не кажучы ўжо пра тое, што яно цалкам працягвае пераемнасць ад чэкістаў. Вось цяпер чалавек ад іх стаіць, здымае на камеру», – кажа актывіст партыі АГП Андрэй Ляўковіч.

Пікетаванне ля рэстарану працягваецца ўжо больш за месяц. Актывісты атрымалі дзясяткі адміністратыўных пратаколаў, іх саджаюць «на содні». На Леаніда Кулакова тыдзень таму наехала машына наведнікаў. Апошніх ён дзеліць на тры катэгорыі. Большасць, выслухаўшы тлумачэнні пікетоўцаў, разварочваюць аўты. Іншыя…

«Калі іх не прапускаеш на аўтах, яны разварочваюцца і ідуць пешкі. Трэцяя катэгорыя – ні на што не глядзіць. Яны тараняць усіх запар на аўтах і кажуць: вас не дабілі, то мы даб’ем», – распавядае Леанід Кулакоў.

Ва ўрочышчы Курапаты ў 30-40 гадах расстралялі, паводле розных ацэнак, ад 30 да нават 250 тысяч чалавек. Гэта далёка не першае змаганне за ўрочышча. 20 верасня 2001 года сталічныя ўлады спрабавалі правесці праз Курапаты кальцавую аўтадарогу. Тады актывісты баранілі мемарыял цягам 250 дзён. У выніку кальцавая пайшла іншым шляхам.

Усевалад Шлыкаў belsat.eu