Улады забылася на магілы 80 тысячаў ахвяраў канцлагеру. Журналісты прымусілі ўспомніць


Ніхто не забыты? Магілы больш як 80 тысяч ахвяраў нацысцкага канцлагеру пад Віцебскам зараслі быльнягом і кустоўем. Што прымусіла мясцовыя ўлады ўзяцца за граблі і рыдлёўкі ды добраўпарадкаваць мемарыял?

Усходняя ўскраіна Віцебску. Тут, на месцы канцлагеру, вядомага як «Пяты полк», ляжаць парэшткі больш як 80 тысяч забітых нацыстамі людзей. Гісторык Уладзімір Булаўскі распавядае:

«У 43-м годзе быў ліквідаваны лагер для ваеннапалонных, былі забітыя ўсе ваеннапалонныя. З таго часу лагер выкарыстоўваўся як перасыльны пункт. Ужо ў 1944-м людзей з гэтага лагеру вывозілі на першыя рубяжы абароны – у Крынкі, каб прыкрывацца імі як жывым шчытом».

Паваленыя крыжы, зарослыя цвіллю помнікі – такімі тыдзень таму брацкія магілы пабачылі віцебскія журналісты. І здарыўся цуд – ужо праз тры дні на месцы пахавання прыгналі настаўнікаў і камунальнікаў. Сяржук Серабро, «Народныя навіны Віцебску»:

«Там заўсёды ладзяцца суботнікі, але яны праходзяць на добраўпарадкаванай тэрыторыі ля самога помніка. Там пагрэблі лісце, пасадзілі дрэвы – на жаль, некалькі дрэваў ужо зламалі, – і ўсё! Далей праз гэтае балота, напэўна, ніхто не хоча хадзіць, акрамя карэспандэнта «Народных навінаў».

Замест вялікіх крыжоў, што згнілі ды паваліліся, паставілі звычайныя надмагільныя, тыя што засталіся, – пафарбавалі. Як доўга мемарыял не прыбіралі і чаму – у віцебскім «Зелянгасе», нягледзячы на настойлівыя тэлефанаванні, нам так і не адказалі.

«Хочацца пажадаць, каб горад больш пільна сачыў за добраўпарадкаваннем гэтых месцаў, таму што многія жыхары і дзеці тых, хто быў у гэтым лагеры, памятаюць, што там адбывалася. Прынамсі ў мяне дзве бабулі прайшлі праз гэты канцэнтрацыйны лагер», – кажа Уладзімір Булаўскі.

А гэта іншае пахаванне – урочышча Хайсы. Як і ў сумнавядомых Курапатах, тут ляжаць сотні расстраляных у сталінскі час.

Пад Віцебскам вядомыя тры масавыя пахаванні ахвяраў камунізму. Дзяржава іх не прызнае, а значыць, і не даглядае. Але прыклад «Пятага палка» паказвае, што дзяржаўны статус – не гарантыя ад занядбання.

Аляксандр Папко, belsat.eu