Улады забаранілі вядомаму расейскаму гісторыку прыязджаць у Беларусь


За лекцыю – содні і дэпартацыя. Расейскі філосаф і гісторык Пётр Рабаў нават не паспеў прачытаць гарадзенскім слухачам лекцыю – яе перарвалі міліцыянты. Ня здолее гэтага зрабіць навукоўца і ў найбліжэйшае дзесяцігоддзе, бо на столькі атрымаў забарону ўезду ў нашую краіну. Але гэта не адзіны пацярпелы ў гэтай гісторыі.

Вучонага даставілі на вакзал «Баранавічы-Цэнтральныя» і дэпартавалі на Радзіму

Ціск жа на беларускіх актывістаў працягваецца. Сёння суд Баранавіцкага раёну пачаў разглядаць адміністратыўную справу супраць Аляксандра Вайцешыка – нібыта той не падпарадкоўваўся міліцыі. Мясцовага праваабаронцу затрымалі падчас высылкі расейца. Праз няяўку сведкі абвінавачвання паседжанне перанеслі на 27-га кастрычніка.

Самому ж гісторыку, філосафу і даследніку анархізму з саюзнай дзяржавы на дзесяць гадоў забаранілі ўезд у Беларусь.

«Да мяне прыйшлі супрацоўнікі міграцыйнай міліцыі, далі мне велізарную колькасць папераў. Там быў велізарны тэкст на шмат старонак. Я тады па слабасці сваёй фізічнай не звярнуў увагі, кім гэта падпісана. Потым, калі мяне дэпартавалі, я спытаў, мне сказалі, што гэта ГУУС Баранавічы. Мяне гэта вельмі здзівіла, што такія пытанні, аказваецца ў Беларусі вырашае не суд, а міліцыя. Прычым гарадскога ўзроўню нават, не на ўзроўні міністэрства», – абураецца Пётр.

У Маскве каля амбасады Беларусі дзеля падтрымання Рабава 13-га кастрычніка прайшлі адзіночныя пікеты.

Адкуль такія праблемы?

За нядоўгі візіт у Сінявокую ён двойчы сутыкнуўся з беларускімі праваахоўнікамі.

«Гэта відавочна з-за таго, што зараз анархісты з’яўляюцца сурʼёзнай пагрозай. Усе апошнія падзеі сведчаць пра тое, што ўлада сапраўды баіцца, каб людзі, настолькі абʼяднаныя нейкай ідэяй, не выйшлі куды-небудзь. Гэта ўсё ў межах нейкага агульнага ціску. За некалькі тыдняў да гэтага адбыліся ператрусы ў анархістаў», – даводзіць вядомы анархіст Вячаслаў Касінераў.

АМАП сарваў лекцыю аб анархізме і палітычнай філасофіі

«Ён толькі пачаў лекцыю, ні да чаго не заклікаў, не дэманстраваў ніякіх улётак, проста расказваў. Ну, і ўварваліся супрацоўнікі ў касках, у балаклавах, сказалі, што мы тут праводзім несанкцыянаванае мерапрыемства», – распавёў «Белсату» адзін са слухачоў лекцыі.

На наступны дзень, у Баранавічах, гісторыка затрымалі і асудзілі на 6 сутак арышту нібыта за прапаганду экстрэмізму і брыдкаслоўе.

Падобная схема неаднаразова ўжо была адпрацаваная беларускаю міліцыяй і судом. Гэтаксама перыядычна лаюцца матам і потым плоцяць штрафы або сядзяць на сутках беларускія апазіцыянеры і грамадскія актывісты.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum