«Улады вырашылі зарабляць грошы з паветра!» Маршрутчыкі абураныя паборамі на вакзалах


Паўгода таму ў Берасці адкрылі новы аўтавакзал, але падобна ездзіць адтуль хутка не будзе каму. Мясцовыя маршрутчыкі пагражаюць сысці ў шэрую сферу.

Замест радасці з новага аўтавакзалу – расчараванне новымі правіламі. Перавознікі Берасцейшчыны скардзяцца: працуюць на страты.

«Мне выставілі рахунак: атрымоўваецца, 105 % я павінен аддаць дзяржаве. То бок мой заробак я аддаю ў аўтапарк гораду Камянец і яшчэ я застаюся вінен сваймі грашыма даплачваць ім», – распавядае кіроўца Дзмітрый.

Прычына – пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, прынятая летась 6 снежня. Раней перавознікі плацілі «Аблаўтатрансу» 15 % ад прададзеных квіткоў, цяпер устаноўлены максімум – 12%. Але затое міністэрства ўвяло тарыфы, якія кіроўцы маюць плаціць кожны раз за ўезд на аўтавакзалы і аўтастанцыі. Максімальная сума для міжабласных перавозак – 3 рублі, для маршрутаў унутры рэгіёну – на 2 рублі 80 капеек.

То бок кіроўцы вымушаныя плаціць некалькі разоў за дзень нават тады, калі няма ніводнага пасажыра! Перавознік маршруту Берасце-Пружаны Алег Лубнік сведчыць:

– Я ім вінны 93 рублі 21 капейку. Гэта з улікам 15 дзён працы!

– То бок вы перавозіце пасажыраў і яшчэ застаяцеся ім вінныя?

– Так! Вядома, на гэтыя ўмовы мы не пойдзем ніколі!

Сёння перавознікі сустрэліся з кіраўніцтвам «Берасцеаблаўтатрансу» і прапанавалі дэ факта вярнуцца да старых аплатаў.

«Пакінуць 12 % за продаж квіткоў, увесці пункт у дамову яшчэ 3% за карыстанне інфраструктурай вакзалу. Вядома, вакзалы будуюцца, людзі працуюць, пытанняў няма», – зазначае перавознік Юрый Кушнярук.

Каб выканаць новую пастанову міністэрства, кіроўцы не супраць плаціць сімвалічную квоту – адну капейку за ўезд на платформу.

«У МАРГ жа напісана – ад нуля да максімальнага тарыфу. Нас нашыя ўлады вырашылі зрабіць па максімуме, каб сабе зарабляць грошы з нічога, з паветра, як кажуць», – звяртае ўвагу кіроўца Дзмітрый.

Гендырэктар «Берасцеаблаўтатрансу» Ігар Мартыновіч зазначыў, што не можа пайсці на такія саступкі, бо тады страты будуць несці аўтастанцыі:

«Я перавозніку прадставіў ільготы, незаконныя, у вас усё добра, вы адну капейку заплацілі – заўтра начальнік станцыйны пасля пэўнага правярання заплоціць штрафныя санкцыі. Вы б пайшлі на гэта?»

У выніку да згоды гэтак і не прыйшлі.

«Адзінае, мы пачулі ад генеральнага дырэктара, што ўсё ж такі мы працуем паводле старых дамоваў. Бо дырэктары некаторых аўтобусных станцыяў сцвярджалі, што пастанова МАРГ адмяніла нашыя дзейныя дамовы», – кажа перавознік Алег Лубнік.

Новых дамоваў няма. Перавознікі цвердзяць: праз такія драконаўскія паборы ім давядзецца або рэзка павысіць цэны і не вытрымаць канкурэнцыі з нелегаламі, або самым абмінаць вакзалы.

«Я як патрыёт працаваў колькі гадоў менавіта на вакзале, усе квіткі прадаваліся афіцыйна, усе падаткі ў поўным аб’ёме аплачваліся, усё як мае быць. Але з гэтаю пастановай ужо пачынаем думаць, што трэба сыходзіць недзе ў нелегальныя», – тлумачыць перавознік Юрый Кушнярук.

Навошта ж увогуле былі патрэбныя новаўвядзенні, даведацца аператыўна да выдання «Аб’ектыву» у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю нам не ўдалося.

«Я вам не магу дакладна адказаць, напішыце нам гэтае пытанне, і, я мяркую, нашыя спецыялісты змогуць вам патлумачыць», – зазначыла прэс-сакратар МАРГ Вольга Галота.

У кожным разе, нязручнасці адчуюць на сабе пасажыры.

– Вы не лічыце, што вас проста рабуюць?

– Мы супраціўляемся, мы ўсё робім згодна з законам, – адказаў Алег Лубнік.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu