Улады возьмуць інтэрнэт пад татальны кантроль?


Беларускі інтэрнэт рызыкуе трапіць пад яшчэ большы кантроль з боку дзяржавы – гэта вынікае з паправак у «Закон аб сродках масавай інфармацыі». Як беларускія ўлады збіраюцца ціснуць на незалежныя медыі? Чым збіраюцца адказваць інтэрнэт-актывісты? І самае галоўнае – што рабіць звычайным беларусам?

Нялёгка давядзецца не толькі буйным медыям – сачыць збіраюцца нават за аўтарамі каментароў!

Каб чыноўнікам было зручная затыкаць раты

Некаторыя змены ў «Закон аб сродках масавай інфармацыі» выглядаюць мэтанакіраваным ударам па незалежных СМІ. Так, дзаржаўныя структуры будуць выдаваць акрэдытацыю толькі зарэгістраваным медыям. Таксама ўлады патрабуюць ідэнтыфікацыі каментатараў на старонках, а блакаваць сайты Міністэрства інфармацыі зможа нават без папярэджання.

«Калі раней блакіроўкі вялікіх інфармацыйных парталаў рабіліся праз Раду бяспекі, праз высокіх чыноўнікаў – усе збіраліся, сядалі і вырашалі, то зараз ім трэба бюракратычная зручнасць. Каб кожны чыноўнік сярэдняга звяна з Міністэрства інфармацыі мог, лазячы па кантакце, баніць усё, што яму не падабаецца, не адыходзячы ад касы», – тлумачыць блогер Эдуард Пальчыс.

Дзякуй Расея, дзякуй Кітай!

Падобна на тое, што беларускія ўлады вырашылі пераняць не толькі расейскі досвед змагання са свабодай у інтэрнэце.

«У нашага кіраўніцтва ўзнікла тая ж параноя, якая ўзнікла ў канцы 90-х – пачатку 2000-х у кіраўніцтва Кітая, што гэта ўяўляе сабой вялікую пагрозу для палітычнай сістэмы… Такія мерапрыемствы, у тым ліку ў Кітаі і ў нас, яны арыентаваныя не на тэхнічныя магчымасці блакавання пэўных рэсурсаў, а хутчэй на ўнутраную цэнзуру чалавека. Нават у Кітаі не хапае рэсурсаў, каб кантраляваць усё», – даводзіць адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

Яшчэ адным рычагом ціску могуць стаць аграмадныя штрафы

Важна, што даказальнай базы для такой кары практычна не патрэбна.

«Прадугледжаныя штрафы за распаўсюд інфармацыі, распаўсюд якой забаронены. Напрыклад, гэта інфармацыя, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. І папраўкі, якія ўнесеныя, прадугледжваюць штраф да 500 базавых велічыняў для сродкаў масавай інфармацыі за распаўсюд такой інфармацыі. Аднак якая інфармацыя можа наносіць шкоду нацыянальным інтарэсам – нідзе гэтага ў заканадаўстве няма», – распавядае прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі.

Дзеля большай надзейнасці інфармацыйным парталам варта больш увагі надзяляць актыўнасці ў сацыяльных сетках, ведаючы, што праца інтэрнэт-сайту можа цяпер быць спыненая нават за некалькі хвілінаў.

«Будзе прыкладна, як з санстанцыяй. То бок калі санстанцыя прыходзіць і па поўным законе пачне пытацца, дык усе вінаватыя. Тое ж самае і ў гэтай сітуацыі будзе», – упэўнены Эдуард.

У выніку – пакуль з аднаго боку ўлады Беларусі імкнуцца стварыць імідж перадавой ІТ-краіны з ліберальным заканадаўствам, з другога – усталёўваецца татальны кантроль над грамадствам і абмяжоўваецца свабода слова. Нічога новага.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»