Улады: вернікі ды шматдзетныя – сацыяльна небяспечныя


Свой парадак у Капыльскім райвыканкаме – мясцовы аддзел адукацыі выпусціў метадычны дапаможнік для школаў, у якім да шэрагу сацыяльна небяспечных семʼяў аднеслі шматдзетных, а таксама семʼі, дзе ёсць вернікі ды інваліды. Паводле фармулёўкі з метадычкі, дзеці ў такіх семʼях патрабуюць асаблівай «сацыяльна-псіхолага-педагагічнай падтрымкі».

Спрэчны дапаможнік выйшаў пяць гадоў таму

Але ўвагу прыцягнуў толькі цяпер, калі старонку з яго апублікавалі ў сацыяльных сетках. Сёння наконт тэксту выказаўся мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

«Маючы на ўвазе тое, што большасць жыхароў Беларусі вернікі, стваральнікі дакументу сцвярджаюць, што патэнцыйна большасць сем’яў нашай краіны – небяспечныя. Здзіўляе таксама негатыўнае ўспрыманне шматдзетных сем’яў, што супярэчыць намаганням улады павялічыць нараджальнасць у нашай краіне», – раскрытыкаваў медатычку мітрапаліт.

Пісалі метадычку працаўніцы БДПУ імя Максіма Танка

Аднак пасля таго, як пра гэтыя ўказанні напісалі ў СМІ, старонку з сайту капыльскай адміністрацыі выдалілі.

На думку кандыдаткі педагагічных навук, эксперткі ў галіне адукацыі Святланы Мацкевіч, мясцовыя органы ўлады спрабуюць такім чынам выслужыцца перад тымі, хто стаіць вышэй, але гэта можа прывесці да сумных наступстваў.

«Сення вас могуць абвесціць дармаедам, заўтра – сацыяльна небяспечнай сямʼёй, паслязаўтра яшчэ нешта прыдумаюць, гэта тыя інструменты, што дазваляюць кантраляваць грамадзянскую супольнасць», – упэўненая спадарыня Мацкевіч.

І пераўтвараць грамадства ў абʼект нагляду, сцвярджае яна.

Статыстыка

За апошнія 8 гадоў у Беларусі 160 тысячаў дзяцей былі ў сацыяльна небяспечным становішчы, але праз такія своеасаблівыя інтэрпрэтацыі дэкрэту № 18 да гэтага спісу могуць далучыцца семʼі вернікаў, студэнтаў, мігрантаў. Усіх, каго ўмоўная капыльская метадычка палічыць небяспечнымі. І тады замест рэальнай дапамогі сем’і атрымаюць пільны дагляд.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum