Улады ціснуць на студэнтаў і выкладчыкаў


Студэнтам пагражаюць адлічэннем, выкладчыкам – звальненнем. Улады спрабуюць задушыць пратэсты ў ВНУ.

Пагрозы генеральнага пракурора на студэнтаў не падзеялі. Адлічэнняў навучэнцы БДУІР не баяцца. Роўна як і затрыманняў.

«Хадзіць на пратэсты дакладна не перастану. Таму што павінна быць воля слова. Я тут не раблю нічога незаконнага. Я выйшаў з лісточкам…», – кажа студэнт БДУІР.

Не палохае студэнтаў і тое, што ля ўваходу ва ўніверсітэт дзяжураць міліцыянты. Выходзіць на акцыі пратэсту абяцаюць, пакуль іхныя патрабаванні не будуць выкананыя.

«Мы збіраемся, каб паказаць, што мы неабыякавыя да таго, што адбываецца ў нашай краіне. Мы не згодны з гвалтам, які ў нас адбываецца. У нас нахабна ўкралі выбары і нашы галасы, і мы патрабуем адстаўкі прэзідэнта», – кажа студэнт.

А ў Лінгвістычным універсітэце пагражаюць не адлічэннем студэнтаў, а звальненнем выкладчыкаў. Першаю, каму паведамілі пра спыненне працоўных стасункаў, сталася Ганна Аблова – выкладчыца англійскай мовы.

«Пры асабістай сустрэчы мне было сказана, што я і іншыя выкладнікі правакуем студэнтаў, таму што бяром удзел у несанкцыянаваных акцыях на тэрыторыі ўніверсітэта. Што я расчаравала як выхавальнік, не апраўдала надзеяў. Што мы разам з іншымі выкладнікамі, хто так выходзіць, наносім шкоду рэйтынгу ўніверсітэту», – кажа Ганна Аблова.

За выкладчыцу заступіліся іншыя работнікі ўніверсітэту.

«Калі парушаюцца ва ўсёй краіне законы, як можна маўчаць, на ўсё гэта глядзець, і адводзіць у бок вочы? Калі тваіх калегаў, калі тваіх студэнтаў гвалтуюць, саджаюць за краты… Мне здаецца, што прыйшоў час, калі мы павінны аб’яднацца і сказаць гэтаму «не», – заявіла выкладчыца кафедры лексікалогіі іспанскай мовы Марына Аксенчык.

«Сёння, як мне здаецца, уся краіна ў нас проста загразла ў хлусні, махлярстве, замене праўды нейкімі незразумелымі законамі і правіламі. Мне незразумела, чаму людзей хапаюць і да вынясення прысуду і да вынясення прысуду іх збіваюць, калечаць, нават забіваюць! І за гэта ніхто пакуль не нясе кары ў нашай краіне. Гэта ненармальна. Таму я выходзіў сюды не першым разам і буду выходзіць датуль, пакуль краіна не ўстане на ногі. А сёння яна ў становішчы дагары нагамі», – кажа Мікалай Федаровіч з кафедры славянскіх моваў.

Падобныя думкі выказваюць студэнты і выкладчыкі БНТУ. У сваім відэазвароце будучыя адмыслоўцы тэхнічных спецыяльнасцяў запатрабавалі ад уладаў спыніць ґвалт і рэпрэсіі ў краіне, а таксама вызваліць усіх палітвязняў.

«Святло, праўда і справядлівасць перамогуць агрэсію, цемру і хлусню»

Міхаіл Прановіч, «Белсат»