Улады ціснуць на анархістаў

Дзевяноста базавых велічыняў (альбо 2 тысячы 295 рублёў) на сям’ю – такі штраф мусяць сплаціць Вячаслаў і Марына Касінеравы – актывісты анархісцкага руху. Суд Маскоўскага раёну кожнага прызнаў вінаватым паводле артыкулу адміністрацыйнага кодэксу аб экстрэмізме. Днямі крымінальная справа за графіці была распачатая яшчэ супраць трох актывістаў анархісцкага руху.

Вячаслава і Марыну Касінеравых затрымалі ранкам каля пад’езду дому, калі сужэнцы выпраўляліся на працу. Пра гэта яны паспелі паведаміць праз трансляцыю ў «Фэйсбуку». Далей – суд і штраф памерам пяцьдзясят і сорак базавых велічынь, адпаведна.

«Нас з Вячаславам вінавацяць у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў – за тыя ж самыя здымкі пра класавую вайну, паўторна. Бо мы, нібыта, працягвалі распаўсюд. Я запытала ў судзе: а што мы будзем рабіць з Леніным, які шмат казаў пра класавую вайну? Але мне нічога не адказалі», – падае падрабязнасці Марына Касінерава.

«Класавая вайна» – было напісана па-англійску на адзенні Касінеравых. Здымак яны змясцілі на сваіх старонках у сацыяльных сетках у інтэрнэце. Суд прызнаў здымкі экстрэмізмам і пакараў сужэнцаў паўторна: у лістападзе іх ужо штрафавалі на 1800 рублёў.

«Новы наступ на актывістаў анархісцкага руху распачаўся ў гэтым месцы. Вось на гэтай сцяне невядомыя напісалі «менты забіваюць людзей». Міліцыянты вінавацяць анархістаў».

Надпіс на бетоннай сцяне з’явіўся яшчэ летась, але з гэтай прычыны днямі затрымалі траіх анархістаў: Змітра Паліенку, Яўгена Чуліцкага і Насту Гусеву.

«Я магу толькі здагадвацца пра іх мэты, але яны відочныя: атрымаць інфармацыю пра людзей, запалохаць людзей сацыяльна актыўных. І, канечне ж, ізаляваць у патрэбны момант», – мяркуе Зміцер Паліенка.

Усе трое заяўляюць пра жорсткае абыходжанне ў міліцыі. Іх вызвалілі праз двое содняў у статусе падазраваных паводле крымінальнай справы аб апаганьванні і псаванні маёмасці. Яшчэ ў гэтым студзені Змітра Паліенку звінавацілі таксама ў экстрэмізме.

«Мы бачым гэта натуральным ціскам на нас за нашыя погляды і як усеагульную зачыстку перад нейкімі падзеямі, кшталту Еўрапейскіх гульняў і выбараў», – канстатуе Вячаслаў Касінераў.

Паводле крымінальнай справы, распачатай на анархістаў, кожнаму пагражае пакаранне ў выглядзе штрафу, грамадскіх працаў або трохмесячнага адміністратыўнага зняволення.

Галіна Абакунчык, belsat.eu

Глядзі таксама