Улады тэрарызуюць Каардынацыйную раду


Павел Латушка не можа вярнуцца ў Беларусь, бо ўлады пагражаюць яму турмою. Гэта ўжо другі чалец прэзідыуму Каардынацыйнай рады, якога ўлады прымусілі выехаць за мяжу. Нічога не вядома пра лёс Марыі Калеснікавай, выкрадзенай раніцай у Менску. Ці рэпрэсіі супраць лідараў Каардынацыйнай рады паралізуюць пратэсты?

На відэа, якое даслалі парталу TUT.BY, – меркаваны момант выкрадання чальца прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай. Акрамя яе на сувязь не выходзяць прэс-сакратар Антон Раднянкоў і выканаўчы сакратар Іван Краўцоў.

«Мы ведаем жорсткасць і ганебнасць гэтага рэжыму. Яны ні перад чым не спыняцца, каб задушыць нашую рэвалюцыю. На месцы кожнага, каго рэжым выціскае за мяжу, саджае, не дай Бог, забівае, павінныя станавіцца новыя людзі. І такія людзі ёсць», – перакананы філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Гвалтоўныя дзеянні ўладаў, «накіраваныя на задушэнне палітычнай і грамадскай актыўнасці грамадзянаў, з’яўляюцца злачынствам супраць чалавечнасці і могуць быць расследаваныя без абмежавання тэрмінаў даўнасці», – заявіла Каардынацыйная рада.

Дзяржаўным тэрорам назвала выкраданне і кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская. За мяжой знаходзяцца ўжо тры знакавыя фігуры пратэставага лета. Святлану Ціханоўскую ўлады вывезлі ў Літву, Вольгу Кавалькову – у Польшчу. Паўлу Латушку, калі ён вернецца ў Беларусь, пагражаюць турмой.

Прасіць палітычнага прытулку Павел Латушка не намераны, аднак пакуль застанецца на тэрыторыі Еўразвязу. Паралізаваць Каардынацыйную раду, у склад якой запісаліся 4 тысячы чалавек, уладам не ўдасца. Пра гэта дыпламат заявіў на прэс-канферэнцыі ў Варшаве.

«Калі ўлады гатовыя пайсці на абсурд і затрымаць або выдаліць з краіны 4 тысячы чалавек, то «цікава» будзе на гэта паглядзець, у двукоссі. Я думаю, што гэта нерэальна. Таму Каардынацыйная рада працягвае сваю дзейнасць, каб знайсці выхад з гэтай і ўнутрыпалітычнай крызіснай сітуацыі, а цяпер ужо і ўнутрыэканамічнай крызіснай сітуацыі», – паведаміў Павел Латушка.

Па ўсёй Беларусі самаарганізоўваюцца – у прафзвязы, студэнцкія і суседскія рады. Рэпрэсіямі супраць вядомых асобаў спыніць пратэст не ўдасца – заявіла Вольга Кавалькова.

«Тыя рэпрэсіі, якія яны ажыццяўляюць, прыводзяць да абсалютна адваротнага эфекту. Яны выклікаюць не страх, а салідарнасць. І калі ўлады будуць працягваць збіваць людзей, то гэта прывядзе да сілавога адказу, а гэтага дапусціць нельга! Таму ўлады проста абавязаныя пачаць змяняцца», – пераконвае Вольга Кавалькова.

Ці рэпрэсіі супраць лідараў Каардынацыйнай рады згасяць пратэсты? Вось што кажуць жыхары Віцебску:

«Не, не спыняцца, людзі моцна абураныя на ўлады і будуць працягваць выходзіць»

«Пратэсты спыняцца, бо стаміліся і амапаўцы, і людзі, якія пратэстуюць»

«Пасадзяць адных, ім на замену прыйдуць іншыя! Народ адчуў сваю моц. Будзем змагацца да перамогі!»

«Людзі адчулі смак свабоды, таму іх ужо не спыніць!»

У планах чальцоў Каардынацыйнай рады – сустрэчы з прадстаўнікамі шэрагу еўрапейскіх дзяржаваў, паведаміў Павел Латушка. Санкцыі Еўразвязу супраць афіцыйнага Менску набудуць моц не пазней за 21 верасня. Як паведамляюць медыі, чорны спіс Брусель пашырыў з чатырнаццаці да 31 асобы. Лукашэнкі сярод іх няма.

Аляксандр Папко, «Белсат»