Аб'ектыў 27.06.2018 Улады скароцяць адпачынак на догляд за дзіцём?


Колькасць жыхароў Беларусі за апошнія 28 гадоў паменшылася прыкладна на сем адсоткаў. І гэта пры тым што ўлады пастаянна заклікаюць павялічваць колькасць насельніцтва натуральным шляхам. Пытанне толькі ў тым як гэта рабіць пры тым што адпачынак па даглядзе за дзіцём збіраюцца скараціць.

Паводле статыстыкі, з 1990 года насельніцтва краінаў Усходняй і Паўднёвай Еўропы стабільна змяншаецца як з натуральных прычынаў, гэтак і дзякуючы міграцыі. У той жа час Заходняя Еўропа набірае вагу. Лідар – Ірландыя: колькасць яе жыхароў павялічылася на 36 адсоткаў за 27 гадоў! Беларусь жа страціла каля сямісот пяцідзесяці тысячаў чалавек, ці 7 адсоткаў насельніцтва.

«Палітыка, накіраваная на падвышэнне нараджальнасці, у нас не вельмі эфектыўная, прытым што дастаткова дарагая для нашай краіны. Бо яна арыентаваная на патрыярхальную мадэль сям’і, а ў нас мадэль сям’і ўжо змяняецца, большасць жанчын працуюць і хацелі б нейкім чынам сумяшчаць карʼеру і выхаванне дзяцей, а вось нізкая колькасць дзіцячых садкоў гэтаму перашкаджае», – сцвярджае акадэмічная дырэктарка «BEROC» Кацярына Барнукова.

І вось на такім фоне ўлады абмяркоўваюць скарачэнне адпачынку на догляд за дзіцём – да двух гадоў замест цяперашніх трох.

«Тыя жанчыны, якія хочуць выйсці з адпачынку раней, робяць гэта і без скарачэння афіцыйнага тэрміну. Бо можна наняць няньку, напрыклад. Тыя, у каго ёсць магчымасць скарыстацца паслугамі родзічаў, мужа ці кагосьці яшчэ, у каго ёсць амбіцыі працаваць, яны гэта робяць і без дзяржавы, без яе дапамогі», – кажа маладая маці Дарʼя Сапранецкая.

Дзецям не хапае садкоў

Аднак не кожны можа дазволіць сабе няньку, бо ейныя паслугі каштуюць у сярэднім 300 долараў на месяц. А з падняццем пенсійнага ўзросту памяншаецца колькасць вольных ад працы дзядуляў і бабуль.

Штогод у Беларусі нараджаецца каля ста тысячаў дзяцей. Адпаведна, каб зменшыць на год адпачынак на догляд за дзіцём, трэба 100 тысячаў дадатковых месцаў у дзіцячых садках і яслях – для двухгодак. Замест крыху больш як чатырохсот тысячаў дзяцей, якія ходзяць у садкі цяпер, малых стане каля пяцісот тысячаў. Тым часам колькасць дашкольных установаў у Беларусі кожны год змяншаецца: з 2000 года іх зачынілі больш за 600, засталося каля трох тысячаў васьмісот на ўсю краіну.

«Частка дзіцячых садкоў зачыненая на капрамонт. Ёсць густанаселеныя раёны, у якіх проста складана гэта зрабіць – трэба вазіць дзіцё на іншы край гораду. Таму відавочна, што месцаў у дзіцячых садках не хапае», – адзначае Дарʼя Сапранецкая.

Паслугі ж прыватных дзіцячых садкоў у Менску каштуюць каля пяцісот долараў на месяц – непадʼёмная сума для абсалютнай большасці беларускіх семʼяў. Тое ж датычыць і медыцыны – трапіць да некаторых дзіцячых дактароў у дзяржаўныя больніцы можна толькі праз некалькі месяцаў пасля звароту. А некаторыя спецыялісты ўвогуле ў Беларусі адсутнічаюць. Прыватная медыцына ж па кішэні далёка не ўсім. Як у такіх умовах памяншаць адпачынак на догляд – незразумела.

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары