Улады шукаюць «вінаватых»


Незалежныя медыі, тэлеграм-каналы і блогеры, паводле ўладаў, – гэта арганізатары масавых пратэстаў. А таму чарговы ўдар нанеслі па адным з самых папулярных тэлеграм-каналаў – «Беларусь головного мозга».

Адміністратара затрымалі, кватэру абшукалі, тэхніку сканфіскавалі. Да таго ж працягваецца пераслед і суды над удзельнікамі акцыяў.

«Вы мне скажыце, высокія чыноўнікі Міністэрства ўнутраных справаў, вы гэта сурёзна?» – чуем ад маладзёна пад час стрыму ў Менску.

У часе жывых злучэнняў не раз людзі на камеру абураліся паводзінамі міліцыі. Аднаго за другім затрымлівалі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам». На іншым жа відэа Радыё Свабода затрымліваюць вядоўцу стрыму Аляксандру Дынько.

«А мяне за што?» – здзіўляецца схопленая пад рукі журналістка.

Чым медыя магло не дагадзіць, пачулі ад кіраўніка МУС Юрыя Караева:

«Яны замянілі сабой стрымы Ціханоўскага. У бягучым радку з каментарамі самаарганізоўваліся і арганізоўваліся з кімсьці: «ссоўваемся направа», «ссоўваемся налева», «разрыў ланцужка».

Сёння ж – 25 чэрвеня пасля ператрусу затрымалі Ігара Лосіка, які кансультаваў Радыё Свабода ў справах новых медыяў і зʼяўляецца адным з адміністратараў тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга», на які падпісаныя 167 тысяч карыстальнікаў. Франак Вячорка, які працаваў з маладзёнам на сетках радыё, кажа:

«Улада праводзіць глабальную зачыстку, якой ніколі не адбывалася ў Беларусі. Яны змагаюцца не толькі з журналістамі і актывістамі, але і з блогерамі, з любымі ініцыятывамі, якія спрыяюць мабілізацыі. Таму я б сказаў, што затрыманні каля «Symbal.by», затрыманне Лосіка, затрыманні і напады на офісы беларускіх медыяў, якія будуць неўзабаве – гэта ўсё адзін ланцуг».

Спробы спыніць распаўсюд незалежнай інфармацыі ідуць паралельна з судамі над беларусамі, якія прыходзілі на пікеты па зборы подпісаў за кандыдатаў на прэзідэнта. У судзе Ленінскага раёну Горадні асудзілі людзей, пратаколы на якіх склалі пасля затрымання праз правакацыю аўтара блогу «Страна для жизни» і ягоных паплечнікаў. 540 рублёў штрафу прысудзілі Юліі Карначовай, якая бачыла выкраданне Сяргея Ціханоўскага:

«Мяне вінавацілі ў тым, што абсякала супрацоўнікаў міліцыі, заклікала да беспарадкаў, але ніякіх доказаў не было».

405 рублёў штрафу мае заплаціць Яўген Клімук, які збіраў подпісы за вылучэнку Святлану Ціханоўскую. Адміністратыўны артыкул той жа – 17.1 «Дробнае хуліганства». Эпізод – спроба стрымаць бус з затрыманым Ціханоўскім. Яўген Клімук лічыць:

«Я пачуў, што чалавек пад коламі і пачаў стрымліваць бус. Прыбеглі людзі ў штацкім і пачалі ўсіх раскідваць».

Праваабаронца Уладзімір Хільмановіч лічыць, што гэтыя суды – працяг ланцуга рэпрэсіяў, які распачаўся 29 траўня ў Горадні, калі на сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім выйшлі гарадзенцы з тапкамі ў руках.

«Казаць пра нейкі юрыдычны разгляд гэтых справаў не выпадае. Зробленая палітычная замова, Пад яе складаюцца міліцэйскія пратаколы, у якіх шмат супярэчнасцяў, шмат блытаніны ў паказаннях сведкаў», – падсумоўвае Хільмановіч.

Але вынікі судовых паседжанняў як пад капірку: прызнаны ці прызнаная вінаватымі, заплаці штраф.

Юлія Цяльпук, «Белсат»