Улады рыхтуюцца да восеньскай пратэстнай кампаніі


Сёння ў Менску арыштавалі апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча. Эксперты ўпэўнены, што затрыманне звязанае з запланаванай на 8 верасня акцыяй пратэсту супраць вучэнняў «Захад-2017».

«Праз некалькі хвілінаў пасля таго, як я паведаміла ўсім, што Мікалай затрыманы, мне патэлефанаваў падпалкоўнік з Ленінскага РУУС і сказаў, што ён затрыманы і зараз знаходзіцца на Акрэсціна. Асуджаны на 5 содняў», – кажа Марына Адамовіч, жонка Статкевіча.

За ліпеньскую акцыю ў Менску Статкевічу яшчэ 9-га жніўня завочна прызначылі 15 содняў арышту. Пра новае рашэнне – 5 содняў арышту – яму не паведамлялі.

«Калі гэта нейкі дадатковы вырак, то раней ці пазней нам гэта стане вядома. Але тады агулам ягоны час затрымання можа стаць і пятнаццацісодневым», – кажа Марына Адамовіч.

І тады наступны пратэст яго арганізатар правядзе за кратамі. 8-га верасня лідар Беларускага нацыянальнага кангрэсу збіраўся правесці мірную акцыю папярэджання супраць расейска-беларускіх вайсковых вучэнняў. Адмыслоўцы не ставяць пад сумнеў, што сённяшні арышт палітыка звязаны менавіта з ёй. Такія прыклады часовай нейтралізацыі актывістаў ужо былі.

«Улады імкнуцца неяк змікшыравацьмінімізаваць гэты пратэст і ўражанні ад яго ў беларускай і міжнароднай грамадскасці, таму Міколу і вырашылі нейтралізаваць на час 8 верасня», – мяркуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Мікалай Статкевіч, як адзін з самых актыўных удзельнікаў пратэставага руху, заўжды быў пад моцным прэсінгам уладаў. У 2011-м – за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў – яго асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі, з якіх у турме ён адседзеў чатыры. На працягу апошніх гадоў Статкевіча неаднаразова затрымлівалі і судзілі за мірныя акцыі пратэсту, здымалі паклёпніцкія фільмы. Тое, што ўлады замест развязання сапраўдных праблемаў у краіне, зноў пачынаюць раскручваць махавік рэпрэсіяў, абурае большасць апытаных намі жыхароў беларускай сталіцы.

Жыхары Менску кажуць:

«Калі нельга выказваць свайго меркаванне, то яго ніхто не пачуе».

«Мы супраць, супраць затрыманняў. Свабода думкі, меркаванняў, гэта ж нармальна».

«Я не гляджу навіны і, дзякуй богу, нічога не бачу і не ведаю. Мне спакойна жывецца».

«Трэба наладжваць працу ўраду».

Пакуль жа, замест таго, каб пачаць вырашаць сапраўдныя праблемы, улады працягваюць ціснуць на незалежныя арганізацыі і журналістаў, якія асвятляюць гэты ціск.

«Рэпрэсіі супраць незалежных прафсаюзаў, РЭПаБелсата і арышт Статкевіча – усё гэта можна звязаць. Магчыма, што ўлады сапраўды баяцца паўтарэння восенню нейкіх акцыяў па аналогіі з вясной», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Увесну супраць гэтак званага дэкрэту аб дармаедах на вуліцы розных гарадоў Беларусі выйшлі тысячы беларусаў. Як вынік, улады хоць і задушылі пратэсты рэпрэсіямі, але ўсё ж вымушаныя былі саступіць.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu