Аб'ектыў 23.11.2017 Улады робяць апанентаў дармаедамі


Крыху больш як праз месяц актывіст Станіслаў Паўлінковіч можа папоўніць шэрагі беспрацоўных. 5-га студзеня ў сартавальніка прадукцыі Магілёўскага металургічнага заводу канчаецца кантракт. Падпісваць жа новы кіраўніцтва прадпрыемства не збіраецца. Чаму? Высветлілася, менавіта праз Паўлінковіча завод мае праблемы.

«То бок праз мяне, праз мае палітычныя погляды, што я езджу на мітынгі ў Менск, гэтыя штрафы, суды, содні – праз мяне завод у такім стане, што ён практычна банкрут», – кажа Станіслаў.

Паразмаўляць з «Белсатам» дырэктар не здолеў

Альберт Цімафееў спаслаўся на занятасць. Аднак у інтэрв’ю БелаПАНу Цімафееў прызнаваўся, што прэтэнзіяў да працы хлопца ніколі не было. У чым жа прычына?

«Мы з ім размаўлялі, я яму сказаў, што «залётнікі» мне на заводзе не патрэбныя. Я сказаў, давай так дамовімся: ты не трапляеш ні ў якія «залёты», да мяне паперы не прыходзяць, я паўгода на цябе гляджу. Але бачу, што пасля таго неаднаразова ён трапляў», – прызнаўся дырэктар прадпрыемства.

Звальненне з працы нязгодных улады выпрабоўвалі неаднаразова

Аднак гэта не значыць, што незаконна звольненым не трэба змагацца за свае правы, падкрэсліваюць у незалежным прафсаюзе працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці.

«Нейкія акцыі, мітынгі праводзіць, каб вас нарэшце пачулі. Бо голасу тых, хто выступае супраць гэтага, не чутно. Толькі так, каб змяніліся законы, каб яны не былі такія драконаўскія, калі чалавека трымаюць на ланцугу», – даводзіць юрыст незалежнага прафсаюзу РЭП Аляксей Яўгенаў.

Кантрактавая сістэма цалкам развязвае рукі наймальнікам

Працадаўцы пры першым жаданні могуць любому не працягнуць кантракту. І пры гэтым закон на іхным баку. У гэтым выпадку пад рэпрэсіі трапіў чалавек з актыўнаю грамадскаю пазіцыяй.

За ўдзел у акцыях пратэсту Паўлінковіча каралі соднямі арышту і штрафамі, а сёлета ў сакавіку на маладзёна завялі крымінальную справу быццам за распаўсюд парнаграфіі, пазней справу спынілі.

«Галоўная мэта гэта пазбавіць чалавека працы, сродкаў да існавання. Каб у чалавека не было працы, каб у яго не было грошай, каб ён зʼехаў з краіны. То бок зрабіць ягонае жыццё невыносным», – упэўнены Станіслаў Паўлінковіч.

Аднак актывіст не толькі нікуды не збіраецца зʼязджаць, але і гатовы змагацца за тое, каб застацца на сваёй працы. Днямі актывіст звярнуўся са скаргаю ў Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, а неўзабаве ён пойдзе на прыём да дырэктара заводу.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары