Улады рэпрэсуюць праціўнікаў падатку на дармаедства


Улады пачалі прыходзіць у сябе і рэагаваць на збор тысячаў подпісаў за адмену дэкрэту № 3.

Рэакцыя традыцыйная

На актывістаў складаюць адміністратыўныя пратаколы за правядзенне несанкцыянаваных пікетаў. Але нягледзячы на гэта збор подпісаў працягваецца і ў сталіцы, і ў рэгіёнах.

Актывісты з Берасцейшчыны ў абласным цэнтры цягам 2 гадзінаў сабралі больш за дзве сотні подпісаў за адмену прэзідэнцкага дэкрэту № 3. Каб паставіць аўтограф супраць падатку на дармаедства выстройваліся нават чэргі.

«Краіна забрала ўсё, я павінна ўзяць грошы з аліментаў дзіцёнка, якая ходзіць у мяне ў дзіравых ботах, у мяне няма сродкаў, куды мне дзявацца», – скардзіцца жыхарка Берасця.

Яшчэ адзін берасцейскі актывіст Аляксандр Сахарук у мінулую нядзелю збіраў подпісы за адмену дэкрэту № 3. Сёння яго ж выклікалі ў РАУС паводле абвінавачання ў правядзенні несанкцыянаванага пікету.

Суд па справе Аляксандра Сахарука запланаваны на 20-га лютага. Сам актывіст называе будучы працэс прававым бязмежжам.

Ціск на актывістаў і валанцёраў ужо не адзінкавы выпадак

Падобная да берасцейскай справа будзе разглядацца і ў сталічным судзе.

Сярод іншага, пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні склалі на намесніка старшыні АГП Мікалая Казлова, які разам з іншымі актывістамі збіраў подпісы за адмену дэкрэту нумар тры каля Камароўскага рынку Менску.

Сёння ў сталіцы адбылося паседжанне кампаніі «Мы не дармаеды»

У яе ўвайшлі «Справядлівы свет», АГП, жаночая партыя «Надзея», «Зялёныя», БХД ды іншыя. Сярод іншага, абмяркоўвалі правядзенне вулічнай акцыі 15 сакавіка, а таксама кампанію для збору подпісаў за адмену дэкрэту № 3.

Апроч сталічнай акцыі, недармаедаўскія мітынгі запланаваныя 18 лютага ў Берасці, 19 лютага ў Гародні, Магілёве, Гомлі. 23 у Бабруйску.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»