Аб'ектыў 26.01.2018 Улады разам з актывістамі паставяць помнік Алесю Адамовічу


Сёння дзень памяці Алеся Адамовіча, грамадскага дзеяча, пісьменніка, якога лічыць настаўнікам Святлана Алексіевіч. Андрэй Архіпенка, кандыдат у Бабруйскі гарадскі савет, спрабуе стварыць у вёсцы, дзе пахаваны пісьменнік, сквер імя Алеся Адамовіча.

Спадар Архіпенка збірае подпісы за ўсталяванне помніка Алесю Адамовічу ў Глушы, вёсцы, дзе рос пісьменнік. Ідэю актывіста ўхвалілі ў мясцовым сельсавеце, і нават прапанавалі месца для скверу.

«Паміж будынкам дзе створаць музей і будынкам сельсавету там ёсць невялікі кавалак зямлі на якім можна ўсталяваць помнік, зрабіць сквер», – распавёў Андрэй.

Ініцыятыву падтрымала і дачка Алеся Адамовіча

Наталля дапамагла знайсці скульптара. Засталося атрымаць дазвол з аблвыканкаму, дзеля чаго і збіраюцца подпісы, ды знайсці сродкі. Раённыя ўлады прапанавалі пераразмеркаваць раней сабраныя грошы.

На стварэнне музею Адамовіча ў Глушы за два гады сабралі менш за $ 6 тыс, большасць гэтай сумы складае ўнёсак Святланы Алексіевіч. Старшыня назіральнай рады ў пытанні стварэння музею, намесніца старшыні Бабруйскага райвыканкаму Таццяна Варанко адзначае, што сабраных сродкаў нестае нават на распрацоўванне праектна-каштарыснай дакументацыі. Таму стварэнне помніка выглядае больш рэалістычнай прапановай. Падпісваюцца за помнік і бабруйчане.

Роўна праз год, 26-га студзеня, міне чвэрць стагоддзя з дня смерці Алеся Адамовіча. За гэты час у Беларусі не з’явілася аніводнага помніка пісьменніку і грамадскаму дзеячу, які між іншага адным з першых падняў тэму сапраўдных маштабаў чарнобыльскай катастрофы. А фільм «Ідзі і глядзі», паводле ягонага сцэнару, дагэтуль трымаецца ў рэйтынгах найлепшых фільмаў пра вайну.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары