Улады Расеі адрэагавалі на паводку ў Сібіры толькі калі сітуацыя стала крытычнай


30 чэрвеня 2019 года. Жыхары затопленага гораду Тулун у Іркуцкай вобласці. Фота – Nikolai Polyskalov-Shinkarenko / ТАСС / Forum

Прынамсі пяцёра загінулых, двое зніклых без звестак, 130 асобаў шпіталізавалі, і тысячы эвакуяваныя. Больш за паўсотні населеных пунктаў Іркуцкай вобласці з 24 чэрвеня сыходзяць пад ваду. Нягледзячы на ​​масу фотаздымкаў і заклікаў аб дапамозе, федэральныя ўлады адрэагавалі на патоп толькі 28 чэрвеня. Уладзімір Пуцін прыляцеў у Іркуцкую вобласць у нядзелю.

Раніцай у панядзелак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па Іркуцкай вобласці апублікавала на сваёй старонцы невялікую зацемку аб нязначным уздыме ўзроўню вады ў сувязі з праліўнымі дажджамі. У паведамленні гаварылася аб маніторынгу за сітуацыяй і тым, што бяспецы жыхароў нічога не пагражае.

І хаця ўзровень вады ў некалькіх рэках Іркуцкай вобласці падняўся ў некаторых месцах на тры метры за крытычныя адзнакі ўжо ў ноч на 26 чэрвеня, кіраўнік МНС Яўгеній Зінічаў вылецеў у Іркуцкую вобласць толькі ў пятніцу – пасля таго, як ад стыхіі загінулі два чалавекі, падае «МБХ медиа».

Матэрыял Яна Вярбіцкага пра паводку ў Сібіры глядзіце ў поўным выданні навінаў за 30 чэрвеня

Уладзімір Пуцін прыляцеў сюды толькі ў нядзелю – на зваротным шляху з саміту Вялікай дваццаткі ў Японіі.

«Мы з вамі добра ведаем сітуацыю ў сібірскіх рэгіёнах. У тым ліку тут. Лета вельмі кароткае, зіма наступае хутка, а павадак яшчэ не скончыўся. Вада не сышла. Калі будаваць будзем? Часу вельмі мала. Трэба зрабіць усё, каб людзі не апынуліся ў намётах, калі надыдуць халады. І агулам прадугледзець усе магчымыя варыянты здарэнняў», – загадаў Пуцін.

У рэгіёне існуе рызыка інфекцыі – пад павадак трапілі водазаборы, якія забяспечвалі людзей вадою. МНС Расеі сфармавала групоўку з тысячы чалавек. Але гэтага мала – абвесцілі набор добраахвотнікаў.

У Іркуцкай вобласці працуюць 20 пунктаў часовага размяшчэння. У іх цяпер больш за паўтары тысячы чалавек.

Ян Вярбіцкі/ДД, «Белсат»