Улады працягваюць затрымліваць і саджаць людзей на содні


Адметнасць сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі – не толькі рост пратэстных настрояў у грамадстве. Але і жорсткая рэакцыя ўладаў на пратэсты: затрымліваюць і асноўных апанентаў кіраўніка краіны, і людзей, што выходзяць на акцыі салідарнасці з імі.

Каля пяцідзесяці чалавек былі затрыманыя ў аўторак ля будынку КДБ у Менску, куды яны прыйшлі падаць хадайніцтвы аб змяненні меры стрымання для Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. Частку затрыманых вызвалілі з раённых аддзелаў міліцыі без складання пратаколаў у той жа дзень. З дзясятак чалавек засталіся ў ізалятары ў чаканні судоў, сярод іх прадпрымальнік Зміцер Барэйчук і бізнесовец Аляксандр Васілевіч.

«Чалавек проста зайшоў падаць заяву, а яго схапілі. Цяпер ён знаходзіцца ў ЦІП, ужо трэція содні сёння. Сёння павінны быць суд», – кажа жонка Змітра Вольга Барэйчук.

У выніку Аляксандра Васілевіча і Змітра Барэйчука асудзілі на чатырнаццаць содняў арышту кожнага паводле першай часткі артыкулу 23.34 – парушэнне арганізацыі і правядзення масавай акцыі.

«Людзі не могуць зразумець сітуацыю чаму гэта так, не могуць, няма логікі. Магчыма таму што ён дапамагаў штабу Бабарыку, можа таму. Я не ведаю, мне складана меркаваць», – дзеліцца Вольга.

Чацвёртыя содні працягваюць бестэрміновую галадоўку пад будынкам следчага ізалятару на Валадарскага ў Менску маці і сяброўка гарадзенца Змітра Фурманава, які ёсць адным з фігурантаў у «справе Ціханоўскага». Учора стала вядома, што Фурманава перавялі ў Жодзіна.

«У нас месца заяўленае галадоўкі тут, і мы застаемся тут. Ад таго, што мы паедзем у Жодзіна, нічога не зменіцца», – зазначае сяброўка Змітра Фурманава Вольга.

Падтрымаць сваякоў і блізкіх Змітра Фурманава штоноч прыходзяць актывісты Моладзевага блоку. Учора на падыходзе да СІЗА быў затрыманы Пётр Маркелаў, які суправаджаў замежных журналістаў. Прычыны затрымання і месцазнаходжанне хлопца да гэтага часу невядомыя.

«Ён вядомы актывіст, і ён не вельмі падабаецца, скажам так, некаторым асобам, якія там працуюць. І мне падаецца, што гэта проста як рэфлекторнае: бачыш Маркелава – трэба яго хапаць і весці ў ЦІП», – мяркуе актывістка Моладзевага блоку Вераніка Яновіч.

Паводле юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, у краіне адбываецца грубае парушэнне канстытуцыйных правоў, таму ўсіх, хто цяпер застаецца пад адміністратыўным арыштам – разглядаюць як палітычных вязняў.

«Мы бачым выпадкі, калі няма фармальнага парушэння беларускіх законаў, як у сітуацыі з людзьмі, што неслі хадайніцтвы за Віктара Бабарыку. І патрапілі спачатку проста пад затрыманне, без складання пратаколаў – гэта адвольнае затрыманне», – тлумачыць юрыст ПЦ «Вясна» Павел Сапелка.

Ні родныя затрыманых, ні праваабаронцы не маюць спадзеву, што ўлады зменшаць ціск ці хаця б пойдуць на нейкі кампраміс з людзьмі.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»