Улады працягваюць ціск на незалежных журналістаў у Беларусі


Улады Беларусі працягваюць наступ на незалежныя медыі, што намагаюцца даносіць да грамадства аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі ў краіне. Сёння арыштамі і штрафамі пакаралі адразу некалькіх журналістаў у Менску ды Віцебску. Сярод іх – нашыя калегі Кацярына Андрэева, Дарʼя Чульцова, Алена Шабуня. А газета «Народная воля» паінфармавала чытачоў, што пакуль ня можа выходзіць у папяровым выглядзе.

Па сем содняў арышту журналісткам Кацярыне Андрэевай і Дарʼі Чульцовай за непадпарадкаванне міліцыянтам і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі памяці аб забітым Раману Бандарэнку. Суддзі Кастрычніцкага раёну Менску Алена Жывіца і Вольга Няборская не звярнулі ўвагі на паказанні сведкі – гаспадара кватэры на плошчы Пераменаў, адкуль у нядзелю журналісткі вялі рэпартаж. Ён сведчыў, што дзяўчыны з кватэры не выходзілі.

«Адвакаты прадставілі суду хадайніцтва, каб у матэрыялы справы былі далучаныя відэа з камераў відэаназірання, дзе зафіксавана, як нашых дзяўчат выводзяць з кватэры, і яны едуць у ліфце, што яны не былі на вуліцы, як напісана ў пратаколе, што яны не прымалі ўдзел ні ў якім мітынгу», – адзначыла Ірына Слаўнікава, прадстаўніца «Белсату» у Беларусі.

Для журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай гэта ўжо пятае затрыманне сёлета. Адвакаты дамагліся выклікання міліцыянта ў якасці сведкі. Але ягоныя адказы не адпавядалі рэчаіснасці.

«Гэта мала дае прафесіяналізму з боку судовай улады, але маем што маем. Сем содняў, і, магчыма, у цяперашняй сітуацыі мы мусім радавацца, што сем, магло быць і болей», – лічыць Вадзім Ілляш, брат мужа Кацярыны Андрэевай.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова.
Фота: belsat.eu і архіў гераіні

За ўдзел у нядзельным пікетаванні на праспекце Пушкіна суддзя Маскоўскага раёну Вольга Малашэнка асудзіла на 15 содняў фотакарэспандэнта БелаПАНу Андрэя Шаўлюгу. Журналіста затрымалі з калегамі ў нумары гатэлю «Арбіта», адкуль ён вёў фота- і відэафіксацыю, выконваючы свае прафесійныя абавязкі.

А ў Віцебску за сюжэт пра выгнанне ксяндза Ежы Вілька з вёскі Варапаева асудзілі журналістку «Белсату» Алену Шабуню.

Суддзя Вераніка Барысава агучыла пастанову суда: «Суд бачыць у дзеяннях Шабуні Алены Аляксееўны склад адміністратыўнага правапарушэння, прадугледжанага часткаю 2 артыкулу 122.9 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях, і паводле гэтага артыкулу прапаноўвае пакаранне ў выглядзе штрафу памерам 35 базавых велічыняў, што складае 945 рублёў».

Падчас перапынку суддзя папрасіла міліцыянта ўнесці змены ў пратакол правапарушэння.

«Такіх момантаў яшчэ не было, каб пратаколы змянялі падчас судовых працэсаў. Як можна назваць гэта, у мяне няма ні разумення, ні словаў! Мяне гэта абурае!» – абураецца Алена Шабуня.

Зазнала ціск і газета «Народная воля», яна часова ня будзе выходзіць на паперы. Пра гэта паведамляе рэдакцыя:

«Па змове расейскай і беларускай уладаў маскоўская друкарня скасавала з газетаю дамову аб выданні», а на мінулым тыдні ўвесь наклад газеты сканфіскавалі сілавікі.

Ігар Станкевіч belsat.eu