Улады пашыраюць рэпрэсіі супраць бізнесоўцаў

Рэпрэсіі супраць бізнесоўцаў і камерцыйных структураў, якія выказалі салідарнасць з удзельнікамі мірных пратэстаў або скарысталіся правам паўдзельнічаць 26-га кастрычніка ва ўсеагульным страйку, абвешчаным Святланай Ціханоўскай. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на 90 дзён перапыніла дзейнасць яшчэ чатырох суб’ектаў гаспадарання з фармальных прычынаў, але з палітычным кантэкстам рашэння.

«Цудоўная крама» ў Воршы – гэта і крама і музей. Тут прадаюцца творы ручной працы мясцовых рамеснікаў ды мастакоў. Ёсць і рэчы з нацыянальнаю сімволікаю.

«Беларуская нацыянальная сімволіка тут прадстаўлена. Не так часта мы можам увайсці ў краму ў горадзе і знайсці вось такую майку. На сённяшні дзень гэта ўсё вельмі запатрабавана», – адзначае пакупніца крамы.

У пачатку кастрычніка крама сутыкнулася з ціскам з боку аршанскіх уладаў: некалькі праверак, штрафы, вобшукі – у гандлёвым памяшканні ды ў кватэры прадпрымальніка і грамадскага актывіста Ігара Казмерчака. Фармальная падстава – крымінальная справа за нявыплату падаткаў.

«Нядаўна нам паведамілі, што 30 лістапада сканчаецца дамова арэнды ў крамы. Адпаведна, нам не працягваюць. Пад гэтым ціскам такую краму небяспечна трымаць у суседзях», – кажа ўладальнік «Цудоўнай крамы» Ігар Казмерчак.

Узмацняецца ціск і на бізнес, які ўдзельнічаў у страйку ці дэманстраваў лаяльнасць пратэстоўцам. Сёння Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на 90 дзён прыпыніла працу адразу чатырох субʼектаў гаспадарання ў Менску. А учора сетка крамаў «OZ» зачыніла адразу 12 гандлёвых пунктаў па ўсёй краіне. Раней закрыліся яшчэ 13 бізнесаў у Берасці, Горадні, Магілёве і Менску.

Рэпрэсіі дзяржавы адчуваюць не толькі камерцыйныя структуры. Яшчэ ў кастрычніку ўлады Горадні пазбавілі памяшкання дзіцячы госпіс святога Губэрта – за грамадзянскую пазіцыю дырэктаркі Вольгі Вялічкі. Госпіс цягам 13 гадоў падтрымліваў 70 семʼяў з цяжка хворымі дзецьмі. Сёння ж мастакі з розных гарадоў зладзілі выставу, каб падтрымаць госпіс.

«Мы ўсе, і мастакі, і вы, вельмі хочам, каб у госпісу было сваё, а не часовае памяшканне. Гэта калекцыя аздобіць інтэр’ер», – падкрэсліла мастачка Ірына Варкулевіч.

Найбліжэйшым часам гэтыя творы аздобяць інтэрʼеры нядаўна пабудаванага паломніцкага цэнтру. Праваслаўная царква перадала яго дзіцячаму госпісу.

Ігар Станкевіч belsat.eu

Глядзі таксама