Улады пачалі зачыстку Курапатаў


«Палітыкі, грамадскія дзеячы – мы знаходзімся тут, бо памятаем трагічныя ўрокі агульнай гісторыі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка на цырымонія адкрыцця мемарыялу ў Трасцянцы 29 чэрвеня.

Урокі гісторыі для ўладаў Беларусі чамусьці розныя: ахвяраў нацызму ўвекавечваюць, памятаюць і шануюць, а вось пацярпелых ад сталінізму – або ігнаруюць, або замоўчваюць. Варта было толькі кіраўнікам Нямеччыны і Аўстрыі, наслухаўшыся словаў аб неабходнасці дыялогу, пакінуць Беларусь, як нашыя ўлады адразу ж пачалі наладжваць свой дыялог з грамадствам. Праўда, старымі захадамі – праз пратаколы і штрафы.

«Выходжу з крамы – АМАП. «Праедзем!» Знакаміты сіні бус. Спачатку ў Фрунзенскі райаддзел, але нават без заходу ў райаддзел адразу сюды, у суд. Суд у суботу не працуе, але адмыслова для Севярынца запрацаваў», – распавядае сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

Ён бараніў Курапаты – у выніку яго асудзілі за: непадпарадкаванне міліцыі, дробнае хуліганства, перашкоды працы грамадскай установы, парушэнне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў, а таксама за парушэнне ПДР.

Свайго адваката ўзяць не далі – замест яго зычліва прапанавалі дзяжурнага. І як вынік: 10 содняў арышту за стос старых пратаколаў, пастанаўляе адмыслова выкліканы ў суботу суддзя Фрунзенскага раённага суда Дзмітрый Лукашэвіч.

«Затрыманне звязанае з дзвюма рэчамі – з ад’ездам прэзідэнтаў, якія былі ўчора ў Трасцянцы (да гэтага яны трывалі ўсё гэта), а таксама з тым, што наперадзе – святое для дзяржавы свята – 3 ліпеня», – мяркуе адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

Акрамя Паўла Севярынца затрымалі рэжысёрку Вольгу Мікалайчык, якая накіроўвалася на вахту ў Курапаты. Яе завезлі ў Першамайскае РУУС.

«Вольга паспела крыкнуць, што яе затрымалі, арыштавалі на 10 содняў і папрасіла карміць ката», – кажа журналістка-фрылансерка Вольга Чайчыц.

Але і на гэтым затрыманні не скончыліся. Актыўнага абаронцу «Курапатаў» Барыса Анікеева таксама даставілі ў аддзяленне міліцыі. Але неўзабаве адпусцілі без складання пратаколу. Лёс чацвёртага затрыманага – Дзяніса Урбановіча – на момант падрыхтоўкі сюжэту не быў вядомы.

«Улады свядома ідуць на эскалацыю. Мы сведкі таго, што месяц пратэстаў, якія прайшлі, паказаў: заявы Шуневіча, які казаў, што [МУС] не будзе нейкім буферам, – усё гэта парушана. Улады перайшлі гэтую мяжу», – заўважае журналіст з Горадні Дзяніс Івашын.

Але да канца спаралізаваць курапацкую варту пакуль не атрымалася. Каля рэстарацыі дагэтуль застаюцца некалькі актывістаў.

Што ж да працаўнікоў забаўляльнага комплексу, яны былі занятыя адмываннем плоту ад чырвоных адбіткаў далоняў, якія актывісты пакінулі ўчора.

«Былі нанесеныя акварэльнымі фарбамі, якія лёгка змываюцца. Цяпер узнікае пытанне – чым яны маглі змываць іх, каб засталіся сляды на браме?» – задаецца пытаннем актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў.

У застылай сітуацыі вакол Курапатаў могуць быць зацікаўленыя і самі ўлады, мяркуе палітык Мікалай Статкевіч. Маўляў, гэта – адзін са спосабаў, як адцягнуць увагу ад іншых праблемаў.

«Цяпер пратэст мае пад сабой падставу, гэта сапраўды побач з Курапатамі. Але ж я не веру, што ў гэтым месцы нейкі там бізнесовец будзе самастойна прымаць рашэнні аб адкрыцці ці закрыцці рэстарацыі. Гэтага не бывае», – упэўнены Мікалай Статкевіч.

А вось неаднаразова абяцанага ўладамі памятнага мемарыялу ў Курапатах дагэтуль няма.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu