Улады Менску хочуць знішчыць Ракаўскае прадмесце


Ёсць Мінск – сучасны і ёсць Менск – стары. У новабудзе жывуць, а старым Менскам любуюцца: тут гуляюць і сюды запрашаюць гасцей сталіцы. З двух унікальных раёнаў сталіцы – Траецкае прадмесце стала візітоўкаю, не менш цікавае – Ракаўскае – надалей патрабуе аднаўлення.

«Гэты раён амаль цалкам ацалеў пасля вайны. Я магу засведчыць гэта аўтарытэтна, таму што пры мне пачалося як я хадзіў у школу, руйнаванне Нямігі і дамоў у гэтым прадмесці. То бок дзецьмі станавіліся сведкамі таго, як дом за домам, як тая снежная гурба, тае наш горад», – з сумам зазначыў культуролаг і мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Старыя будынкі, што перажылі вайну, знішчалі савецкія ўлады

Не шануе рэштак гістарычнай спадчыны і цяперашняе кіраўніцтва.

Што для адных трушчоба, для іншых скарб і гісторыя, якой варта ганарыцца. Гэтак да руйнавання рыхтуюцца будынкі шпалернай фабрыкі 19 стагоддзя.

«Славутая шпалерная фабрыка Эпштэйна, прадукцыя якой атрымлівала медалі ў розных еўрапейскіх сталіцах. І сапраўды на мяжы XIX-XX стагоддзя склала гонар гораду. Гэтую тэрыторыю, а яна там вялікая, плануюць забудаваць вялікімі шматпавярховымі дамамі», – бʼе ў званы спадар Харэўскі.

Дзе разынкі, там і булачкі

Але ўжо не пачуюць жыхары Ракаўскага прадмесця паху свежай выпечкі, што вырабляў хлебазавод, які сёлета, калі б не планы знесці яго, мог бы адзначыць сваё 90-годдзе.

»Выклікае трывогу, што там будуць пабудаваныя вялікія шматпавярховыя дамы. Што гэта адзначае? Што раён канчаткова страціць свой маштаб і характар будовы», – тлумачыць Харэўскі

Шанцы застацца ў першасным выглядзе маюць 2 нежылыя памяшканні, якія ўлады выстаўляюць на аўкцыён, што пройдзе на наступным тыдні. Да меркавання менчукоў падчас грамадскіх абмеркаванняў кіраўніцтва гораду не прыслухоўваецца, застаецца спадзявацца, што прыслухаюцца інвестары ды не знішчаць унікальнай спадчыны.

Вольга Старасціна, «Белсат»