Упершыню ў гісторыі Слоніму адбыўся круглы стол, за якім сустрэліся прадстаўнікі раённых уладаў ды грамадзянскае супольнасці. Спатканне зладзілі ў будынку райвыканкаму. А размова пра сацыяльна-эканамічныя праблемы не была кароткаю ды цягнулася амаль тры з паловаю гадзіны.
Мясцовыя ўлады падалі грамадскасці справаздачу аб эканамічнай сітуацыі на Слонімшчыне. Былі пытанні, адказы і дыскусіі. Паводле чыноўнікаў, справы ў раёне не выглядаюць найгорш, а нават было чым пахваліцца. Але гэта неяк не супадае з вулічнымі пратэстамі, якія адбываліся ў Слоніме супраць дэкрэту нумар тры. Хоць улады і зазначылі, што размова атрымалася канструктыўная. Паступіла прапанова, каб такія круглыя сталы паўтараць.
Віталь Ешану, грамадскі актывіст:
«Абазначылі праблему высокіх падаткаў, што немагчыма з такімі падаткамі нармалёва працаваць. Улада адразу ж пачала казаць: мы прапаноўваем і тут і там працоўныя месцы, а людзі не хочуць!»
Раней апазіцыянеры заклікалі стварыць пры райвыканкаме пастаянны савет, у склад якога ўвайшлі б усе бакі, зацікаўленыя ў паляпшэнні становішча ў рэгіёне.
Дэлегатаў на наступную сустрэчу з уладамі мясцовыя жыхары абяруць падчас «Народнага сходу» у гарадскім парку, які адбудзецца ўжо 30 красавіка.